Сітуацыя з Дзмітрыем Бандарэнкам можа паўплываць на пашырэнне санкцый ЕС

2011 2011-07-29T14:13:48+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сітуацыя са зняволеным Дзмітрыем Бандарэнкам, каардынатарам грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", можа паўплываць на рашэнне Савета ЕС аб пашырэнні эканамічных санкцый адносна Беларусі, заявіў кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па адносінах з Беларуссю Яцак Пратасевіч.

"Я асабіста буду размаўляць з польскім міністрам замежных спраў, які ажыццяўляе зараз старшынства ў ЕС, каб сітуацыі са спадаром Бандарэнкам была нададзена асаблівая ўвага і каб абыходжанне з гэтым зняволеным паўплывала на рашэнне аб тым, ці пашыраць эканамічныя санкцыі", — сказаў Пратасевіч у інтэрв'ю Polskie Radio 28 ліпеня.

Паводле слоў еўрапарламентарыя, на падставе звестак з дыпламатычных крыніцаў, міністры замежных спраў краін ЕС падрыхтавалі спіс беларускіх кампаній, якія могуць трапіць пад санкцыі. "Існуе поўнае паразуменне, спіс гатовы. Цяпер гэта толькі пытанне палітычных рашэнняў", — падкрэсліў еўрапарламентарый. Пашырэнне эканамічных санкцый уяўляе для беларускіх уладаў вялікую небяспеку, дадаў ён.

Пратасевіч заявіў, што будзе спрабаваць перашкодзіць адпраўцы прааперыраванага Бандарэнкі ў калонію. Дэпутат паведаміў, што сям'я Бандарэнкі падала яму медыцынскую дакументацыю аб захворванні Дзмітрыя, і ён папрасіў міністра аховы здароўя Польшчы Эву Копач знайсці спецыяліста, здольнага ацаніць стан здароўя зняволенага. У выніку Пратасевіч атрымаў пісьмовае заключэнне польскага нейрахірурга Томаша Траяноўскага, які пацвердзіў, што хвароба Бандарэнкі патрабуе аператыўнага ўмяшання, а таксама выключае фізічную працу да і пасля аперацыі.

"На падставе гэтага заключэння мы будзем яшчэ больш актыўна дабівацца ад беларускіх уладаў адмовы ад намеру адправіць спадара Бандарэнку ў калонію або працоўны лагер, паколькі мы маем незалежнае прафесійнае сведчанне, што гэта сапраўды можа пагражаць яму інваліднасцю", — заявіў Пратасевіч.

Дзмітрый Бандарэнка, давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава на выбарах 2010 года, асуджаны на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму па справе аб масавых беспарадках 19 снежня. 26 ліпеня яму зрабілі аперацыю на пазваночніку ў 5-й клінічнай бальніцы Мінска. Пры гэтым яму было адмоўлена ў кансультацыі нейрахірурга. Сваякі і сябры Дзмітрыя апасаюцца, што адпраўка ў калонію пасля цяжкай аперацыі можа прывесці яго да інваліднасці.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства