viasna on patreon

Пракуратура пагражае Някляеву турмой

2011 2011-07-27T16:44:47+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

26 ліпеня, напярэдадні 21-й гадавіны прыняцця Дэкларацыі аб Незалежнасці Беларусі, экс-кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь паэта Уладзіміра Някляева тэрмінова выклікалі ў Генеральную пракуратуру. Пра вынікі гэтага нечаканага візіту экс-кандыдат у прэзідэнты распавёў "Беларускаму партызану".

- З чым была звязаная тэрміновасць выкліку?

- Па маёй заяве і заяве маіх адвакатаў пракуратура горада Мінска расследуе, а дакладней, быццам бы расследуе справу аб бандыцкім нападзе на кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева 19 снежня 2010 года. Расследаванне вядзецца так, што толькі праз 7 месяцаў мяне накіравалі на судмедэкспертызу, каб зняць пабоі. Гэта нават не насмешка, гэта здзек. Не толькі нада мной - над здаровым сэнсам. Я лічыў, што Генеральная пракуратура вырашыла ў гэта ўмяшацца, паколькі менавіта да яе я звяртаўся са скаргамі яшчэ з турмы. Аказалася, пракуратуры да гэтага справы няма. Але ёсць справа да маіх выездаў з Мінска, хоць гэта не яе справа.

 - Што Вы маеце на ўвазе?

 - Я маю на ўвазе тое, што гэта справа органаў (як напісана ў выдадзенай мне жахлівай паперы), "якія ажыццяўляюць кантроль за паводзінамі", і Генеральная пракуратура не стала б гэтым займацца, калі б заняцца гэтым ёй не загадалі.

- Гаворка ідзе пра Вашыя выезды за мяжу?

- Так. У Польшчу і Літву. І яшчэ ў Расію.

Наогул жа прычына, па якой зноў пагражаюць ўзяць мяне пад варту, у сутнасці сваёй парадаксальная. Парадокс заключаецца ў тым, што на сустрэчах, дзеля якіх я выязджаў, абмяркоўваўся план дапамогі Беларусі па выхаду з крызісу. Дапамогі рознай - у тым ліку фінансавай. Зразумела, пры выкананні беларускім бокам абавязковай ўмовы: вызвалення палітвязняў. У Еўрасаюзе, у ЗША і ў Расіі спадзяюцца, што рацыянальнае, прагматычнае ў дзеяннях нашай ўлады ўсё ж возьме верх над эмацыйным. Над палітычнымі выкрутасамі і капрызамі. Усе гэтага чакаюць, а ў пракуратуры мне растлумачылі, што дарма: колькасць палітвязняў можа нават павялічыцца.

- За кошт Вас?

- Генеральная пракуратура папярэдзіла, што так. І звычайна, калі пракуратура папярэджвае, то ўлада саджае. Ва ўсякім разе, так ужо было. Уладзе ж трэба, каб беззаконне рабілася як бы не яе рукамі, каб у краіне свавольства ўсё падагнаць пад пункт, параграф, артыкул. Пад бачнасць закона.

- Вы падпарадкуецеся гэтай бачнасці? Бо турма - рэальнасць.

- Так, рэальнасць. І не толькі для трох дзесяткаў палітвязняў. На сённяшні дзень - гэта рэальнасць амаль для 33000 грамадзян Беларусі. А па сутнасці амаль для 10 мільёнаў, таму што ўся Беларусь - турма. У ёй ўвесь народ разам з пракурорамі, суддзямі. Самі турэмшчыкі ў турме.

Гэтага не павінна быць - і гэтага не будзе. Я ўсё, што змагу, зраблю, каб гэтага не стала.

Перад законам, калі б ён быў, я ні ў чым бы не быў вінаваты. А перад бачнасцю можна апынуцца вінаватым, нават быўшы нябачным. Так што...

- Але Вы ж не толькі несанкцыянаванымі выездамі "правініліся". У несанкцыянаваных акцыях пратэсту ўдзельнічаеце. З актыўнага палітычнага жыцця не сышлі і не заняліся чыстай паэзіяй, як Вам рэкамендавана. Не баіцеся?

- Не скажу, што зусім не баюся. Пабойваюся, успамінаючы і ведаючы, што можа быць... Але я ведаю і нешта іншае: чалавек жыве не для таго, каб баяцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства