viasna on patreon

Міністэрства ўнутраных спраў апраўдваецца за здароўе Бандарэнкі

2011 2011-07-27T16:34:27+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

26 ліпеня ў 5-й гарадзкой клінічнай бальніцы Менску быў праапэраваны палітвязень Зьміцер Бандарэнка.

Міністэрства ўнутраных спраў заявіла, што апэрацыя ў палітвязьня Зьмітра Бандарэнкі прайшла пасьпяхова. Такое меркаваньне выказалі лекары 5-га гарадзкога клінічнага шпіталя, дзе яна праходзіла. У мэдслужбе Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў упэўненыя: усе неабходныя ўмовы для постапэрацыйнай рэабілітацыі пацыента ў іх ёсьць.

"Бандарэнка як атрымліваў належную прафэсійную мэддапамогу, так і будзе атрымліваць", — гаворыцца ў паведамленьні, якое зьмешчана на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

Аўтары паведамленьня нагадваюць храналёгію ранейшых фактаў, "каб пазьбегнуць фальсыфікацыі сутнасьці таго, што адбываецца".

Удзельніку падзеяў 19 сьнежня 2010 году ў Менску Зьмітру Бандарэнку прысудзілі два гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

У траўні з СІЗА КДБ ён паступіў у СІЗА № 1 па вуліцы Валадарскага, 2.

Раней Бандарэнка ўжо праходзіў курс лячэньня ў 5-й гарадзкой клінічнай бальніцы.

"Менавіта таму сваякі хадайнічалі, каб гэтая мэдустанова афіцыйна накіравала яго клінічны дыягназ і вынікі мэдыцынскіх дасьледаваньняў. Што і было зроблена".

У чэрвені на базе Рэспубліканскага шпіталя Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі кваліфікаваныя спэцыялісты правялі комплекснае абсьледаваньне (магнітна-рэзанансная тамаграфія, біяхімічны аналіз крыві і г.д.).

"У сувязі з узмацненьнем болевага сындрому Бандарэнка быў пераведзены ў мэдчастку СІЗА № 1, а праз два дні — у Рэспубліканскую бальніцу для асуджаных. Лекары апошняй, ужо сумесна з калегамі з 5-й гарадзкой клінічнай бальніцы, дасканала вывучылі гісторыю хваробы. Увесь гэты час ён атрымліваў неабходныя лекі (таблеткі, уколы, кропельніцы, блякады і г.д.). Хвораму была прапанаваная апэрацыя, на правядзеньні якой таксама настойвала яго жонка...

Да апэрацыі Бандарэнку ніхто не прымушаў! Гэта так сама відавочна, як і тое, што ў гэтага чалавека сапраўды ёсьць праблемы са здароўем".

Паводле МУС, Бандарэнка прыняў рашэньне на карысьць апэрацыі, пра што напісаў заяву.

Як раней паведамляла жонка Зьміцера Бандарэнкі Вольга, яе мужу практычна быў пастаўлены ўльтыматум: альбо ён пагаджаецца на апэрацыю, альбо накіроўваецца ў калёнію. Свой стан здароўя Зьміцер апісваў у лісьце да жонкі:  

"Зьміцер у лісьце мне напісаў, што лекар пацьвердзіў — яму патрэбная апэрацыя. У яго чатыры грыжы дыскаў хрыбетніка, ушчэмленыя тры сьпіннамазгавыя нэрвы. Патрэбная апэрацыя, інакш ён можа быць зьнерухомлены. У Дзімы літаральна вісіць ступня, і ўсё можа скончыцца інваліднай каляскай", - расказвала Вольга Бандарэнка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства