viasna on patreon

Судовыя метамарфозы

2011 2011-07-27T16:24:38+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/maskouskisudminska.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд Маскоўскага раёна Мінска.

Суд Маскоўскага раёна Мінска.

Жыхар сталіцы Аляксей Балашоў абскардзіў у Мінскі гарадскі суд пастанову суда Маскоўскага раёна. Аднак адказ яму прыйшоў чамусьці з суда Маскоўскага раёна. Суддзя Вольга Васільеўна Краўчанка, якая прысудзіла Аляксею пяць сутак адміністратыўнага арышту, паведаміла пра тое, што яму адмоўлена ў праве абскарджання.
На якіх законных падставах суддзя Краўчанка ўзяла на сябе функцыі вышэйстаячага суда? Цяпер адказу на гэтае пытанне грамадзянін Балашоў чакае ад старшыні раённага суда.

У адпаведнасці з патрабаваннямі Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь (ПВКаАП) Аляксей Балашоў накіраваў сваю скаргу на пастанову па справе аб адміністратыўным правапарушэнні ў суд Маскоўскага раёна, які павінен быў пераслаць яе на разгляд у Мінскі гарадскі суд.

Але ў адказе заяўніку з раённага суда сцвярджаецца, што скарга была ім пададзеная з пратэрміноўкай.

"Суддзя Краўчанка В.В. сцвярджае, што мая скарга была пададзена 15 ліпеня 2011 года, г.зн. па заканчэнні пяці дзён, устаноўленых для абскарджання пастановы суда Маскоўскага раёна г. Мінска.У сувязі з гэтым мая скарга не была перасланая з суда Маскоўскага раёна г. Мінска ў Мінскі гарадскі суд і мне было адмоўлена ў праве абскардзіць вынесеную судом пастанову, указаны тэрмін для звароту ў суд Маскоўскага раёна з хадайніцтвам аб аднаўленні прапушчаных тэрмінаў", - выкладае сутнасць справы Аляксей Балашоў ў звароце да старшыні Маскоўскага райсуду.

Але Аляксей называе высновы суддзі Краўчанка В.В. памылковымі, а адмову яму ў праве на абскарджанне вынесенай судовай пастановы лічыць незаконным і парушаючым яго правы:

"Скарга на пастанову была пададзеная мной 12 ліпеня 2011 года, што адлюстравана ў дадзенай скарзе, а таксама ў квітанцыі РУП “Белпошта” аб адпраўцы заказнога ліста на адрас суда Маскоўскага раёна г. Мінска. Такім чынам, скарга была пададзеная мной ва ўстаноўленыя законам тэрміны. Сцвярджэнне суддзі В.В. Краўчанка пра тое, што скарга была пададзеная мной 15 ліпеня 2011 г., гэта значыць, па заканчэнні пяцідзённага тэрміну, не адпавядае рэчаіснасці.

Акрамя таго, у адпаведнасці з ч. 2 арт. 12.04 ПВКаАП Рэспублікі Беларусь, паступіўшая скарга на працягу трох сутак накіроўваецца разам са справай у суд, якому яна адрасавана і які ўпаўнаважаны разглядаць яе ў адпаведнасці з ч.1 дадзенага артыкула. У дадзеным выпадку такім судовым органам з'яўляецца Мінскі гарадскі суд.

У сувязі з гэтым мне не зразумела, чаму і на якіх законных падставах суддзя В. В. Краўчанка ўзяла на сябе функцыі вышэйстаячага суда і прымае рашэнні аб адмове ва ўзбуджэнні судовай вытворчасці па маёй скарзе, адрасаванай Мінскаму гарадскому суду".

Аляксей Балашоў просіць старшыню суда Маскоўскага раёна неадкладна прыняць меры да накіравання скаргі разам з матэрыяламі справы ў Мінскі гарадскі суд, а таксама указаць суддзі А.В. Краўчанка на неабходнасць няўхільна прытрымлівацца патрабаванняў дзеючага заканадаўства пры выкананні ёю паўнамоцтваў суддзі.

Суддзя Вольга Васільеўна Краўчанка ў выніку разгляду адміністратыўнай справы Аляксея Балашова 7 ліпеня вынесла пастанову пра пяцісутачны арышт, прызнаўшы яго вінаватым па артыкуле 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Аляксей быў затрыманы ў "маўклівую сераду" 6 ліпеня людзьмі ў цывільным, якія не прадставіліся і не прад'явілі ніякага пасведчання, у гандлёвай залі ўніверсама "Валгаград" на праспекце Газеты "Праўда" ў мікрараёне Паўднёвы Захад.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства