viasna on patreon

Дзмітрыю Бандарэнку зрабілі аперацыю на пазваночніку

2011 2011-07-27T10:41:29+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Палітычнаму зняволенаму Дзмітрыю Бандарэнку ў мінскім шпіталі № 5 зроблена аперацыя на пазваночніку па выдаленні міжпазванковай грыжы. З-за праблем з пазваночнікам у Бандарэнкі пачала адымацца правая нага.

Аперацыя прайшла паспяхова. Жонцы палітзняволенага Вользе Бандарэнцы ўдалося пабачыць свайго мужа літаральна на лічаныя хвіліны, калі яго прывезлі з аперацыйнай ў палату:

– Пасля аперацыі мне пашанцавала ўбачыць яго, крыкнуць яму «Я цябе люблю», убачыць як яго пераносілі з каталкі. Ён быў пад наркозам, ад якога чалавек траціць адчуванне, але ўсё ж не спіць – ён мяне ўбачыў, а нават спрабаваў павярнуцца, я крыкнула «Ляжы-ляжы, не трэба». Потым я паразмаўляла з лекарам, які рабіў аперацыю – было відаць і адчувалася, што ён моцна ўтомлены. Ён сказаў, што аперацыя прайшла паспяхова, грыжа была вялікай і, верагодна, яна моцна дакучала, бо была яна там вельмі доўга. Цяпер пацыенту патрэбная рэабілітацыя.

Вольга Бандарэнка з дазволу кіраўніцтва следчага ізалятара перадала мужу ў палату ваду, прадметы асабістай гігіены. Яна непакоіцца, што мужа могуць хутка перавесці ў турэмную бальніцу, і гэта негатыўна паўплывае на рэабілітацыю.

Вольга Бандарэнка намераная ў бліжэйшыя дні сустрэцца з кіраўніцтвам СІЗА і дактарамі гэтай установы, якія лячылі Дзмітрыя Бандарэнку і пераканаць, што яе мужу для захавання здароўя цяпер патрэбны спакой і добры дагляд.

Дзмітрый Бандарэнка на выбарах 2010 году ўваходзіў у склад каманды кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Ён быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі за арганізацыю групавых дзеянняў, груба парушаючых грамадскі парадак.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства