У Мінску адмянілі велапрабег, да якога мелі далучыцца ўдзельнікі маўклівых пратэстаў
У Мінску адмянілі экалагічны велапрабег, што павінен быў адбыцца 26 ліпеня і завершыцца святам энергазберажэння ў парку імя Горкага.
Гэта здарылася, бо, як паведамілі арганізатары, у інтэрнэце «некаторыя нядобрасумленныя людзі» заклікалі далучыцца да гэтага мерапрыемства удзельнікаў Маўклівых пратэстаў з патрабаваннем эканамічных і палітычных перамен.
Маўклівыя акцыі пратэсту ўжо больш за месяц праходзяць у Мінску і іншых гарадах Беларусі. Аляксандр Лукашэнка абрынуўся на ўдзельнікаў гэтых пратэстаў з пагрозамі. За ўдзел у пратэстах у розных гарадах Беларусі затрымалі каля 1800 чалавек.
У сацыяльных сетках з’явіліся заклікі ўдзельнічаць у велапрабегу ў майках з надпісам ШОС. За гэтай абрэвіятурай хаваецца жартаўлівы лозунг «шоб ён сеў».
«Не вы арганізавалі велапрабег, а вам яго дазволілі арганізаваць», — лаюць ўдзельнікі акцый пратэстаў эколагаў, якія арганізавалі велапрабег. Пасля інтэрнэт-дэбатаў з апазіцыянерамі эколагі вырашылі адмяніць сваё мерапрыемства.