Жалобная акцыя ля амбасады Нарвегіі ў Вільні
25 ліпеня беларускія праваабаронцы і навучэнцы Летняй школы па правах чалавека сабраліся ля амбасады Нарвегіі ў Вільні, каб выказаць свае спачуванні ў сувязі з двума тэрактамі. Яны адбыліся ў Нарвегіі 22 ліпеня і забралі жыцці 98 чалавек.
Беларусы запалілі свечкі ў памяць аб загінулых і абвясцілі хвіліну маўчання. У жалобнай кнізе, што захоўваецца ў амбасадзе, актывісты напісалі спачуванні і перадалі ў амбасаду ліст ад імя Беларускага Дома правоў чалавека, Праваабарончага цэнтру “Вясна”, Беларускага Хельсінкскага камітэта і арганізацыі By Watch.
“Выказваем самыя шчырыя спачуванні нарвежскаму народу, родным і блізкім загінушых падчас трагедыі 22 ліпеня 2011 года. Вялікае гора, з якім сутыкнулася Нарвегія і яе грамадзяне, выклікалі і нашых сэрцах боль і горыч, глыбокае суперажыванне і пратэст гвалтоўным і крывавым дзеянням, учыненым супраць мірных грамадзянаў. Спадзяемся, што страшныя падзеі, якія адбыліся ў Нарвегіі, яшчэ больш кансалідуюць грамадства, аб’яднаюць вакол ідэі дэмакратыі і каштоўнасцяў правоў чалавека,” – напісана ў лісце.
Удзельнікі акцыі ўзгадалі таксама і тэракт у Мінску, што адбыўся 11 красавіка на станцыі метро “Кастрычніцкая”, і ахвярамі якога сталі 15 чалавек. Прысутныя памаліліся за супакой душ ахвяраў тэрактаў у Нарвегіі і Беларусі.
22 ліпеня ў Нарвегіі адбыўся двайны тэрарыстычны акт. Спачатку адбыўся выбух
каля комплексу ўрадавых будынкаў у цэнтры Осла, дзе размяшчаюцца канцылярыя
прэм'ер-міністра, а таксама міністэрства энергетыкі, прамысловасці і юстыцыі.
Ахвярамі выбуху там, па дадзеных паліцыі, сталі сем чалавек, больш за 19 былі
параненыя. Праз некалькі гадзін пасля выбуху ў Осла ў моладзевым лагеры
недалёка ад нарвежскай сталіцы мужчына ў паліцэйскай форме пачаў страляць па
людзях. У выніку чаго, па паведамленнях паліцыі, па меншай меры 80 чалавек
загінула, дзесяткі параненыя. Усяго ў лагеры знаходзіліся каля 700 чалавек. На
дадзены момант вядома пра 98 загінулых у выніку двайнога тэракту, у здзяйсненні
якога падазраецца 32-гадавы Андэрс Берынг Брэйвік.