Актывісту з Баранавіч Рыгору Грыку забаранілі правядзенне пікету
Баранавіцкі гарвыканкам забараніў грамадскаму актывісту, сябру гарадской суполкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Рыгору Грыку праводзіць пікет 30 ліпеня 2011 года.
Актывіст планаваў правесці пікет у старым парку з боку Камсамольскай вуліцы пад лозунгам “За жыццё без ілжы і падману”. У адказе гарвыканкама № 01-15/418/1 ад 22.07.2011г. паведамляецца, што заяўнік парушыў п.1 рашэння Баранавіцкага гарвыканкама ад 16.06.2009 года № 1497 (праўда, канкрэтна не сказана менавіта што парушыў заяўнік пікета). Актывіст мяркуе, што гаворка ідзе пра месца пікета. Аднак у сваёй заяве Рыгор Грык указаў менавіта стары парк з боку Камсамольскай вуліцы, як гэта патрабуе названае рашэнне гарвыканкама за № 1497 ад 16.06.2009 года.
Рыгор Грык лічыць, што ў сваёй заяве ён не парушыў рашэнне гарвыканкама, таму будзе скардзіцца пракурору горада на рашэнне выканаўчай улады. Калі гэта не дасць станоўчага выніку, то будзе падаваць скаргу ў гарадскі суд.
Тэкст адказу з выканкама глядзіце на фотаздымку ніжэй.