Лісты ад Аляксандра Класкоўскага-малодшага ідуць да 12 дзён
Карэспандэнцыя Аляксандра Класкоўскага, асуджанага па справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня, даходзіць з калоніі ў Шклове выбарачна і са спазненнем. Пра гэта паведаміў яго бацька, журналіст Аляксандр Класкоўскі.
«Я атрымаў ад яго ліст 25 ліпеня. Мяркуючы па лісце, Аляксандр пісаў яго ў ноч з 12 на 13 ліпеня, штэмпель на пошце пазначаны 23 ліпеня. Такім чынам, дзён дзесяць ліст знаходзіўся невядома дзе», — сказаў Класкоўскі-старэйшы.
Ён таксама паведаміў, што за апошнія некалькі дзён лісты са шклоўскай калоніі атрымалі яго дачка і Марына Адамовіч, грамадзянская жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча (Класкоўскі і Статкевіч праходзілі па адной крымінальнай справе) «Характэрна, што лісты прыйшлі пасля таго, як трывогу з-за іх адсутнасці ўзнялі СМІ, а я пазваніў нампаліту ў калонію», — заўважыў бацька асуджанага.
Класкоўскі таксама мяркуе, што да Аляксандра не даходзяць выпісаныя газеты. «Хутчэй за ўсё, вакол сына ствараюць інфармацыйную блакаду — такое было і ў СІЗА КДБ. Свае лісты Аляксандр піша вельмі асцярожна. Па іх можна меркаваць,што спачатку ў калоніі стаўленне было больш лаяльнае. Затым, відаць, пасля каманды звыш стаўленне стала больш жорсткім, ён не можа пазваніць сваякам», — сказаў журналіст.
У сваім лісце Аляксандр Класкоўскі адзначае праблему з карэспандэнцыяй як найбольш актуальную. Ён выказаў надзею на тое, што «пасля разгляду касацыйнай скаргі стане звычайным зняволеным і зможа ўбачыцца з жонкай і малодшым сынам».
Нагадаем, 26 мая суд Ленінскага раёна Мінска прызнаў Аляксандра Класкоўскага вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках; знявага прадстаўніка ўлады; самавольнае прысваенне звання або ўлады службовай асобы. Яго прыгаварылі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 19 ліпеня Мінскі гарадскі суд разгледзеў касацыйную скаргу Класкоўскага, пакінуўшы прыгавор без змяненняў.