viasna on patreon

Людміла Мірзаянава: Сынок, ніколі не ўжывай ў сваіх лістах слова "прэзідэнт"

2011 2011-07-22T10:43:03+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Адвакат "дзекабрыста" Фёдара Мірзаянава - Аляксандр Галіеў рыхтуе наглядную скаргу на прысуд суду і адначасова збірае дакументы для звароту ў ААН.

"Ні ў якім выпадку, ніколі ніякіх прашэнняў аб памілаванні не будзе. Я не прызнаю гэты прысуд, бо ён незаконны, я не прызнаю касацыйны прысуд, таму што ён таксама незаконны". Пра гэта напісаў маці Фёдар Мірзаянаў у лісце, атрыманым 20 ліпеня.

20 ліпеня з Фёдарам Мірзаянавым сустрэўся родны брат - Антон Махонь, старэйшы сын Людмілы Мірзаянавай ад першага шлюбу. "Спачатку адмовілі Антону ў сустрэчы з Фёдарам. Але сам ён юрыст, таму запатрабаваў пісьмовую паперу. У прад'яўленай паперы не напісана, што толькі маці можа сустракацца з асуджаным. Таму Антон усё ж сустрэўся з Фёдарам", - распавяла маці Людміла Мірзаянава.

Вакол Фёдара Мірзаянава, асуджанага па справе "19 снежня", у СІЗА на Валадарскага стварылі поўную інфармацыйную блакаду. "У апошні час ён не атрымлівае ні водной раздрукоўкі з "Беларускага партызана" і "Хартыі", якія я яму высылаю; Раманчук напісаў ліст - не атрымаў (я даведвалася - Раманчук пацвердзіў, што напісаў); не атрымаў звычайную паштоўку ад Лявона Вольскага - проста паштоўку! Някляеў арганізаваў сустрэчу са сваякамі палітвязняў - я напісала яму аб гэтым, не дайшло мой ліст. Някляеў, Законнікаў, Вайцюшкевіч падпісалі - да Фёдара гэтая інфармацыя не дайшла. Як псіхолаг, я ведаю: створаны ўсе ўмовы, каб біць па самаацэнцы Фёдара: маўляў, ніхто пра цябе не памятае, ніхто табе не піша, не падтрымлівае. Хоць я пішу штодня, піша брат, бацька, усе родныя, сябры - Фёдар не атрымлівае лістоў і ад яго мы не атрымліваем", - распавяла маці.
 
Гэта другая хваля інфармацыйнай блакады. Першая хваля нарынула адразу пасля прысуду ў другой палове мая. «Абураны несправядлівасцю прысуду, Фёдар ў сваіх лістах пачаў даваць рэзкую ацэнку палітычнаму рэжыму, эканамічнай палітыцы. Тады ад яго мы не атрымлівалі лістоў па 10-20 дзён, хоць я, напрыклад, пісала яму кожны дзень! Зараз пайшлі лісты ад вядомых людзей - і пачалася другая хваля інфармацыйнай блакады", - распавядае Людміла Мірзаянава.
Але жанчына знайшла спосаб прарваць інфармацыйную блакаду ў першы раз. Спосаб анекдатычны - калі б гэта не адбывалася на такім трагічным фоне.

- Я пачала адпраўляць Фёдару кожны дзень тэлеграмы. Адзін раз пайшла і напісала ў тэлеграме: "Сынок, дарагі мой! Мы не атрымліваем ад цябе ніякіх лістоў. Я прашу цябе: ніколі не ўжывай ў сваіх лістах слова "прэзідэнт". Жанчына, якую прымала тэлеграму, адмовілася было прымаць, але я спытала: "У слоўніку гэтае слова ёсць? Пішыце тады". Яна прыняла тэлеграму. І з тых часоў Фёдар піша на тым месцы "Чыпаліна і К".

"Ні ў якім выпадку, ніколі ніякіх прашэнняў аб памілаванні не будзе. Я не прызнаю гэты прысуд, бо ён незаконны, я не прызнаю касацыйны прысуд, таму што ён таксама незаконны", - напісаў Фёдар маці. Хлопец асуджаны да калоніі ўзмоцненага рэжыму, ужо сёмы месяц знаходзіцца на Валадарскага - гэта самая сапраўдная турма.

Сядзельцаў выводзяць на шпацыр толькі на адну гадзіну ў суткі, хоць у калоніі могуць знаходзіцца на свежым паветры кругласутачна. Цяпер, у такую спякоту, знаходзіцца ў Валадарцы - як у пекле.
Фёдар Мірзаянаў ні ў лісце маці, ні на сустрэчы з братам на здароўе не скардзіцца. "Мой Фёдар такі, што будзе "хуткая" забіраць, а ён падыме галаву і скажа: усё нармальна. Як і многія мужчыны, ён не скардзіцца", - адзначыла маці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства