viasna on patreon

Кіраўнікі БАЖ сустрэліся з намеснікам міністра ўнутраных спраў

2011 2011-07-21T19:11:04+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У чацвер раніцай намеснікі старшыні ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец і Аляксандр Старыкевіч пабывалі на прыёме ў намесніка міністра ўнутраных спраў, начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Яўгена Палудзеня. Нагадаем, што на пачатку ліпеня БАЖ накіроўваў у МУС запыт наконт сустрэчы з міліцэйскім кіраўніцтвам.

Асноўнымі тэмамі 15-хвіліннай размовы сталі «балючыя» праблемы ўзаемадачыненняў журналістаў і супрацоўнікаў міліцыі, а таксама дзейнасць міліцэйскай «інфармацыйнай групы».

Удзельнікі сустрэчы сканцэнтраваліся на канкрэтных пытаннях, і ў першую чаргу — якім чынам журналісты мусяць, на думку МУС, абазначыць сябе ў часе асвятленні вулічных акцый, каб гарантавана пазбегнуць затрымання і ўціску з боку сілавікоў? Узгадваліся службовыя пасведчанні журналістаў, бэджы, прэс-камізэлькі адзінага ўзору і г.д.

Што да міліцэйскай «інфармацыйнай групы», прадстаўнікі БАЖ пазітыўна ацанілі само стварэнне падраздзялення «прэс-афіцэраў», але лічаць, што іх праца патрабуе ўдасканалення. (Яскравым доказам быў нядаўні інцыдэнт з сябрай Праўлення БАЖ, журналісткай інтрнэт-газеты «Салідарнасць» Аленай Якжык, якую невядомыя ў цывільным 6 ліпеня затрымалі літаральна побач з «блакітнай камізэлькай».) Прадстаўнікі журналісцкай арганізацыі выказалі пажаданне, каб паўнамоцтвы і аўтарытэт гэтай службы ў межах МУС былі вышэйшымі, чым цяпер.

Была дасягнутая дамова аб правядзенні пры канцы жніўня — на пачатку верасня сумеснай нарады прадстаўнікоў МУС і журналісцкай супольнасці, на якую БАЖ, параіўшыся з сябрамі арганізацыі, падрыхтуе свае прапановы па згаданых пытаннях.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства