У Наваполацку справу затрыманых сына і маці адправілі на дапрацоўку
Юрыя Рудкоўскага і ягоную маці Людмілу Рудкоўскую міліцыянты затрымалі пасьля акцыі маўклівага пратэсту ў Наваполацку. Сёньня над імі меўся адбыцца суд, але справу адправілі на дапрацоўку.
Юрый Рудкоўскі сышоў з плошчы па сканчэньні акцыі і накіраваўся да прыпаркаванага аўтамабіля. Разам з маці яны селі ў машыны. Але раптам іх абкружылі невядомыя ў цывільным. Яны спрабавалі адчыніць дзьверы машыны, але Юрый пасьпеў іх заблакаваць. Тады людзі ў цывільным абкружылі машыну і сталі замінаць ёй выехаць. Юрый завёў рхавік і здолеў адпужнуць незнаёмцаў. Аднак, як толькі ён даехаў да скрыжаваньня, яго спынілі супрацоўнікі ДАІ, якія затрымалі Юрыя і Людмілу Рудкоўскіх. Ноч яны правялі ў Ізалятары часовкага ўтрыманьня Наваполацкага ГАУСа.
Сёньня меўся адбыцца суд. Аднак судзьдзя адправіла справу на дапрацоўку. Юрыю Рудкоўскаму выдалі позву ў ГАУС на 10 надзінаў раніцы 22 ліпеня, Людміле Рудкоўскай - на 16 гадзінаў таго ж дня.
Разам з Юрыем і Людмілай Рудкоўскімі ноч у ізалятары Наваполацкага ГАУСа правялі затрыманыя пасьля акцыі Яўген Парчынскі і Мікалай Назараў. Яшчэ адной затрыманай была Натальля Муляронак, якую не пакідалі на ноч у ГАУСе, бо яна выхоўвае малое дзіця. Справы ўсіх затрыманых суд адправіў на дапрацоўку з выдачай позваў на допыт у ГАУС.