viasna on patreon

Суды над жыхарамі Заслаўля перанесены

2011 2011-07-21T16:03:11+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudd.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Менскага раёна і г. Заслаўля сёння распачаўся разгляд адміністратыўных справаў чатырох чалавек, затрыманых увечары 21 ліпеня ў Заслаўлі - Івана Івончыка, Андрэя Клюкіна, Юрыя Паўлава і Сяргея Сілкова. Іх вінавацяць у парушэнні артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве). Працэсы перанесены на 28 ліпеня і 4 жніўня, “правапарушальнікі” павінны будуць з’явіцца ў суд па позве.  

-Сёння суддзя зачытаў абвінавачанне і запытаўся, ці патрэбна мне абарона. Я адказаў, што вінаватым сябе не лічу, таму навошта мне абарона, - распавядае Юрый Паўлаў. – Аднак я заявіў, што ў мяне ёсць сведкі і хачу, каб іх выклікалі на працэс. Без усялякіх тлумачэнняў суддзя паведаміў, што разгляд справы пераносіцца на 4 жніўня, калі я павінен буду з’явіцца па позве са сведкамі.

Працэс па справе Юрыя Паўлава распачнецца ў чацвер 4 жніўня ў 09:30 раніцы. У гэты ж дзень, але ў 11:30 пачнецца разгляд справы Івана Івончыка. Справы Андрэя Клюкіна і Сяргея Сілкова будуць разгледжаныя на тыдзень раней – у чацвер 28 ліпеня, пачатак у 15:30.

Маладыя людзі былі затрыманыя на цэнтральнай плошчы Заслаўля каля гарвыканкама, калі акцыя ўжо была завершана.       

- Я прагульваўся там з сям’ёй сяброў і мы сустрэлі іх знаёмых, стаялі з імі размаўлялі. Міма праязджала машына, якая нам пасігналіла – мы весела папляскалі ў далоні ў адказ кіроўцу, - кажа Юрый Паўлаў. – Раптам на плошчу пад’ехала Skoda без нумарных знакаў, адкуль выскачылі людзі ў цывільным, двое з із з відэакамерамі. Было бачна, што яны не ведалі, што ім рабіць, і чакалі ўказанняў.

Праз некаторы час людзі ў цывільным падыйшлі да кампаніі Юрыя і адзін з іх паказаў пасведчанне супрацоўніка ўнутраных справаў і папрасіў прайсці з імі ў РАУС для высвятлення асобы.

- Ён паабяцаў, што ўсё будзе “хутка”, паколькі гэта “чыстая фармальнасць”. Цікава, што выбралі з нашай кампаніі толькі мяне і Івана, а сям’ю сяброў і маю дачку не чапалі, - адзначае Юрый.

У РАУСе на затрыманых склалі пратаколы. Паводле Юрыя, яму далі падпісаць адну паперу, запісаную з яго словаў, і загадзя надрукаваны пратакол, куды было ўпісана толькі яго імя і прозвішча. Лейтынант даваў гэты пратакол яму на подпіс са словамі: “Падпішыся, што ты не згодны”.

Пасля “высвятлення асобы” ўсё пайшло па іншым сцэнары, чым абацалі затрыманым. Як распавёў Юрый, падагналі “Газэль” і ўжо без усялякіх тлумачэнняў іх адвезлі ў Менск, у Сцяпянку, дзе знаходзіцца ўпраўленне міліцыі Менскага раёна. Там затрыманых пратрымалі да суду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства