Лябедзька пацьвердзіў пра катаваньні ў КДБ ваеннай пракуратуры
Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сёньня знаходзіўся ў ваеннай пракуратуры Беларусі.
Адразу пасьля выхаду з памяшканьня палітык распавёў "Свабодзе":
"Мяне выклікаў сьледчы па асоба важных справах Ваеннай пракуратуры Андрэй Халімаў. Размова цягнулася больш за дзьве гадзіны.
Сьледчы патлумачыў, што ён займаецца праверкай інфармацыі пра парушэньні
правоў людзей, якія знаходзіліся ў Сьледчым ізалятары КДБ. А паколькі
маё прозьвішча фігуруе ў дакумэнтах, якія падрыхтавалі праваабаронцы, то
ён і выклікаў мяне для дачы тлумачэньняў.
Сьледчы запытаўся, што мне вядома пра катаваньні ў СІЗА КДБ. У сваіх
паказаньнях я пайшоў па прынцыпу люстэрка. То бок распавёў пра падзеі,
зьвязаныя са мной асабіста з 20 сьнежня 2010 году да 6 красавіка 2011
году, калі я знаходзіўся ў КДБ.
Я сказаў сьледчаму, што лічу сябе эўрапейскім чалавекам. А паводле
эўрапейскіх стандартаў, тое, што адбывалася там у адносінах да мяне і
іншых людзей, гэта –катаваньні".