Юрый Салодкі: Мяне выклікаюць на допыт па факце абразы прэзідэнта
Пакуль удзельнік маўклікай акцыі сядзеў у СІЗА, на яго адрас прыходзілі позвы з выклікам на допыт.
Актывіст Руху "За свабоду" Юрый Салодкі быў
затрыманы 3 ліпеня на Прывакзальнай плошчы ў Мінску падчас акцыі
пратэсту. Яго асудзілі на 13 сутак арышту, а цяпер, ужо пасля
вызвалення, выклікаюць на допыт па іншай справе.
Еўрарадыё:
Вас выклікаюць у пракуратуру за абразу Аляксандра Лукашэнкі. На вашую
думку, якім чынам вы яго абразілі і чаму вамі зараз зацікавілася
пракуратура?
Салодкі: “Не ведаю, якім
чынам. Адміністратыўны арышт у мяне быў да 16 ліпеня, два дні я
парадаваўся свайму вызваленню. А сёння мне тэлефанавалі з пракуратуры
абласной і выклікаюць на допыт па факце абразы прэзідэнта. На маё
пытанне, калі я абразіў яго, пры якіх абставінах, яны кажуць, што на
нейкіх сайтах з’явіліся мае выказванні, якія абражаюць прэзідэнта, якія
прыніжаюць яго годнасць”.
Еўрарадыё: А вы не ведаеце, што гэта за выказванні?
Салодкі:
“Я не памятаю за апошні месяц, каб я неяк абразіў прэзідэнта. Тое, што я
кажу заўседы: пра незаконнасць абрання, пра самаабранне — гэта
вядома...”.
Еўрарадыё: Вас толькі праз тэлефон выклікалі ці нейкая афіцыйная папера прыйшла?
Салодкі:
“На адрас там, дзе я зарэгіставаны, прыходзіла шмат позваў, нават калі я
сядзеў у жодзінскім СІЗА, прыходзіла 5 ці 6 прапановаў прысці на допыт,
але я не мог, канешне, з’явіцца. І яны мне патэлефанавалі сёння”.
Еўрарадыё: Вы паедзеце на гэтую сустрэчу з пракуратурай?
Салодкі:
“Так. Я зараз еду на сустрэчу са сваім адвакатам, мы паразмаўляем на
гэты конт, што і як рабіць. Думаю, што я паеду, бо няма ніякіх падставаў
лічыць, што я вінаваты”.
Еўрарадыё: Ці вашыя родныя цяпер адчуваюць нейкі ціск?
Салодкі:
“Так. Калі я быў арыштаваны, міліцыянты прыходзілі дадому пыталіся ў
бацькоў, ці я п’ю, ці ўжываю наркотыкі, ці няма ў мяне дрэнных сяброў.
Тое ж пыталіся на маёй працы, у майго дырэктара, толькі прадставіліся як
супрацоўнікі КДБ. Казалі, што гэта будзе не апошні званок”.