Актывіст зь Берасьця пакараны рэкордным штрафам
У Берасьці Ленінскі раённы суд прысудзіў штраф памерам 40 базавых велічынь каардынатару "Маладой Беларусі" па Берасьцейскай вобласьці Юрыю Бацуку.
Актывіста затрымалі 6 ліпеня падчас «маўклівай акцыі» ў цэнтры гораду.
Справу разглядаў судзьдзя Міранюк. Юрыя Бацука абвінавацілі паводле двух
артыкулаў Адміністрацыйнага кодэксу: за ўдзел у шэсьці, аказаньне
супраціўленьня супрацоўнікам міліцыі і за нецэнзурную лаянку.
З боку абвінавачаньня дапыталі двух сьведак-міліцыянтаў, якія казалі,
што пры затрыманьні Юрыя Бацука паказвалі яму дакумэнты. Але сьведкі
з боку Юрыя — а іх было восем чалавек — сьведчылі адваротнае.
Паводле іх, міліцыянты былі ў цывільным і не называліся. Таксама сьведкі
Бацука казалі, што ён не чыніў супраціву пры затрыманьні
і не выказваўся нецэнзурна. Судзьдзя Міранюк палічыў больш істотнымі
паказаньні супрацоўнікаў міліцыі.
Сябра Юрыя Бацука Ігар Мішкоў, які таксама прысутнічаў у судзе, кажа,
што шакаваны такім прысудам. Ігар не разумее, як можна судзіць людзей
толькі за тое, што яны ідуць па вуліцы і пляскаюць у далоні. «Уладам
засталося хіба камэнданцкую гадзіну ўвесьці», — абураецца хлопец.