У Салігорску судзілі “маўклівых рэвалюцыянераў”
Раніцай 14 ліпеня Салігорскі суд пачаў разглядаць адміністратыўныя справы затрыманых учора ўдзельнікаў маўклівай акцыі пратэсту Івана Шылы і Андуся Тычыны, а таксама прадпрымальніка Алега Бахты.
Як паведаміў карэспандэнт saligorsk.org з судовай залі, Андрэй Тычына быў абвінавачаны ў лаянцы матам па артыкуле 17.1 (дробнае хуліганства). Суддзя Рабы пакараў яго 9-цю суткамі адміністратыўнага арышту. Варта адзначыць, што моладзевы актывіст ужо адбыў 13-суткавы арышт за ўдзел у маўклівай акцыі пратэсту 29 чэрвеня і быў вызвалены менш чым за суткі да новага затрымання.
Суд над затрыманым учора маладафронтаўцам Іванам Шыла перанесены на раніцу 15 ліпеня ў сувязі з патрабаваннем маладзёна прадаставіць яму адваката. Справу будзе разглядаць суддзя Бураўцоў.
Яшчэ аднаго "маўклівага рэвалюцыянера", прадпрымальніка Алега Бахту суддзя Ягор Барысенка пакараў штрафам ў 10 базавых велічынь (350 тысяч беларускіх рублёў). Прадпрымальніка, як і астатніх затрыманых, супрацоўнікі салігорскай міліцыі абвінавацілі ў лаянцы мацюкамі.