Дзмітрыя Капцюга з Вілейкі асудзілі на 7 сутак за акцыю 6 ліпеня
14 ліпеня ў Вілейцы суддзя Арцімовіч А.В. асудзіла Дзьмітрыя Капцюга на 7 сутак арышту за маўклівую акцыю 6 ліпеня.
Суддзя не ўзяла пад улік паказанні сведкаў і довады абароны, і вынесла рашэнне грунтуючыся толькі на рапартах супрацоўнікаў міліцыі, перадае сайт vialejka.org. Гэта было ўжо трэцяе паседжаньне суду над Дзмітрыем Капцюгом, якога супрацоўнікі міліцыі затрымалі ў сераду, 6 ліпеня, і абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы.
12 ліпеня Дзмітрый Капцюг заявіў хадатайніцтва, каб суд разглядзеў і прыклаў да матэрыялаў справы запіс з камер вонкавага назірання, усталяваных на будынку Вілейскага РАУСа. Мэта - даказаць, што ён знаходзіўся ў 19.08 ўжо ля будынку РАУС і не мог у 19.15, як напісана у пратаколе і рапартах, знаходзіцца ля кінатэатра "Мір" і лаяцца матам.
Аднак відэа з вонкавых камераў назірання аддзела міліцыі не былі выкарыстаны. Міліцыянты сцвярджаюць, што відэазапісу не вядзецца, бо камеры былі пашкоджаны падчас рамонту.