viasna on patreon

Рашэнне Мінінфарма стала нечаканасцю для супрацоўнікаў «Нашай Нiвы»

2011 2011-07-12T17:52:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Пазоў аб спыненні выпуску «Нашай Нівы» быў пададзены Мінінфармам на падставе артыкула 51 закона «Аб сродках масавай інфармацыі» — па прычыне вынясення рэдакцыі на працягу года больш як двух пісьмовых папярэджанняў.

Два папярэджанні «Наша Ніва» атрымала за публікацыі, звязаныя з расійскім фільмам «Хросны бацька» (пра беларускія ўлады), а трэцяе, вынесенае 14 красавіка, — у сувязі з асвятленнем тэракта ў мінскім метро.

11 мая ВГС прыпыніў вытворчасць па пазове Мінінфарма аб закрыцці газеты ў сувязі з тым, што выданне абскардзіла папярэджанне міністэрства. Паседжанне касацыйнай калегіі ВГС па разглядзе скаргі «Нашай Нівы» павінна было адбыцца 26 ліпеня.

9 ліпеня стала вядома пра тое, што Мінінфарм вынес «Нашай Ніве» яшчэ адно папярэджанне. Прычынай для яго паслужыла адсутнасць падпіснога індэкса ў нумары за 1 чэрвеня 2011 года.

На судовых слуханнях, што аднавіліся сёння, прадстаўнік істца нечакана адклікаў заяву аб спыненні выпуску газеты, нічым гэта не матывуючы. Суд пад старшынствам Віктара Курылы хадайніцтва не без радасці задаволіў.

Рашэнне Мінінфарма стала нечаканасцю для супрацоўнікаў «Нашай Нiвы».

«Гэта той рэдкі выпадак, калі перамог цвярозы сэнс», — заявіў, каментуючы сітуацыю калегам, галоўны рэдактар выдання Андрэй Скурко.

«Думаю, сюрпрыз, выкліканы сённяшнім паседжаннем, не адбыўся, калі б улады не адчулі на сабе ціск грамадскасці, калі б не было шматлікіх лістоў чытачоў у Міністэрства інфармацыі з патрабаваннем не закрываць газету. Напэўна, улады ацанілі сітуацыю і вырашылі нас не закрываць», — выказаў меркаванне Скурко.

На думку галоўнага рэдактара, газета, хутчэй за ўсё, будзе аштрафаваная. «Проста так, без пакарання, нас не пакінуць», — мяркуе галоўны рэдактар.

Кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна лічыць, што на рашэнне Мінінфарма мог паўплываць эканамічны крызіс у краіне.

«Верагодна, вырашылі, што чарговы брутальны працэс цяпер не патрэбен. Мабыць, на гэта паўплывала прынцыповая пазіцыя Еўрасаюза ў адносінах да беларускіх улад, у прыватнасці, тое, што СМІ працягваюць заставацца для ЕС прыярытэтам», — сказала кіраўнік БАЖ.

Лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч лічыць, што рашэнне суда прадыктаванае палітычнымі меркаваннямі ўлад. «Улады вырашылі не пагаршаць сітуацыю, разумеючы, што ў недалёкай будучыні прыйдзецца шукаць шляхі аднаўлення дыялогу з Захадам», — сказаў палітык.

13 ліпеня ў Вышэйшым гаспадарчым судзе будзе разглядацца аналагічны іск Мінінфарма да яшчэ адной недзяржаўнай газеты — «Народная воля».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства