Алегу Сургану далі 5 сутак арышту
Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску
прызнаў яго вінаватым у дробным хуліганстве. Спадара Сургана затрымалі 3 ліпеня на падыходзе да
плошчы Перамогі, дзе праходзіла мінулая акцыя маўклівага пратэсту.
Судзьдзя Іна Грабоўская праводзіла працэс у тэрміновым
парадку: Алегу Сургану нават не далі часу, каб асабіста замовіць адваката. У
суд яго прывезьлі на міліцэйскай машыне, забраўшы з дому. Міліцыянт, які
суправаджаў актывіста, патлумачыў, што дзейнічае на загад начальніка міліцыі
грамадзкай бясьпекі Кастрычніцкага РАУС Аляксандра Каліноўскага.
Да суду нават не былі падрыхтаваныя матэрыялы справы, але працэс скончыўся за
лічаныя хвіліны, кажа Алег Сурган. Як запісана ў міліцэйскім пратаколе,
зачытаным на судзе, на нумар “102” было ананімнае тэлефанаваньне, што чалавек,
падобны да спадара Сургана, лаецца матам, ідучы да плошчы Перамогі, ды яшчэ
лузгае семкі. Абвергнуць словы “ананіма” Алегу Сургану не ўдалося.
Паводле сьведчаньняў міліцыянтаў, якія яго затрымлівалі, ён быў прызнаны
вінаватым у дробным хуліганстве.
Алег Сурган пэўны, што ягоны арышт на 5 сутак - гэта канкрэтныя захады з боку
міліцыянтаў, каб не дапусьціць ягонага ўдзелу ў сёньняшняй акцыі маўклівага
пратэсту. У мінулым годзе актывіст некалькі разоў ладзіў акцыі зь
бел-чырвона-белымі сьцягамі. Пасьля адной з такіх акцый яго пакаралі арыштам на
6 месяцаў.