viasna on patreon

Штраф за футболку з надпісам

2011 2011-07-06T13:53:48+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Гомельскага прадпрымальніка, сябра АГП Уладзімера Няпомняшчых аштрафавалі сёньня на 350 тысяч рублёў. Пастанову на падставе міліцэйскага пратаколу вынес судзьдзя Чыгуначнага раёну Гомеля Ільля Сьвірыдаў.

Учора супрацоўнікі службы аховы — прапаршчык міліцыі Валянцін Гарбачоў і малодшы сяржант Рустам Ісмайлаў — затрымалі спадара Няпомняшчых на вуліцы Перамогі на прыпынку грамадзкага транспарту. На Ўладзімеры была футболка з надпісамі: наперадзе: "19 сьнежня 2010 году — крывавая нядзеля", на сьпіне: "Далоў фашызм!".

Уладзімера адвезьлі ў Чыгуначны РАУС, а пасьля — у ізалятар часовага ўтрыманьня. Яго абвінавацілі паводле артыкула 23.34 КаАП — парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавага мерапрыемства. Малодшы супрацоўнік унівэрсытэту транспарту Ўладзімер Чумакоў сьведчыў у судзе, што Няпомняшчых нібыта агітаваў мінакоў на Прывакзальнай плошчы ўзяць удзел 6 ліпеня ў "маўклівай" акцыі пратэсту. Але асабліва не спадабаўся 34-гадоваму малодшаму супрацоўніку надпіс на футболцы "Далоў фашызм!".

Няпомняшчых, у сваю чаргу, адказаў, што ніяк ня мог напісаць вітаньне такой агіднай зьяве, як фашызм.

Уладзімера Няпомняшчых, дарэчы, былога афіцэра міліцыі, затрымлівалі за розныя надпісы на футболцы шэсьць разоў. І вось цяпер аштрафавалі, абвінаваціўшы, аднак, у парушэньні парадку арганізацыі масавага мерапрыемства.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства