У Гародні працягваюцца суды над удзельнікамі акцыі 3 ліпеня
6 ліпеня ў Ленінскім раённым судзе Гародні працягваюцца суды над удзельнікамі мірнай маўклівай акцыі "Рэвалюцыя ў сацыяльных сетках", якая адбывалася 3 ліпеня. Працэсы вядуць суддзі Наталля Козел, Ганна Леўсік і Дзмітрый Кедаль.
З раніцы судовыя паседжанні над некалькімі ўдзельнікамі былі перанесены на пазнейшыя тэрміны. Міліцыя не здолела, як меркавалася, з раніцы прадставіць у суд матэрыялы відэаздымкі. Стужку, на якой была здымка вулічных падзей, прывезлі ў суд толькі а 11-й гадзіне. Адміністрацыйныя працэсы будуць доўжыцца цягам усяго сённяшнага і заўтрашняга дзён.
Прадстаўнікі КДБ сваім парадкам выклікаюць затрыманых у той дзень на "прафілактычныя гутаркі" і палохаюць рэпрэсіямі. Ужо ёсць інфармацыя, што некаторым затрыманым прапаноўваюць звальняцца з працы па ўласным жаданні. Варта адзначыць, што з соткі затрыманых на вуліцах Гародні, былі і абсалютна выпадковыя мінакі, якія ў "няправільны" час апынуліся ў цэнтры гораду. Такіх дзікіх і абсурдных "хапуноў" Гародня яшчэ не ведала ў найноўшай гісторыі, паведамляе сайт “Гарадзенскай вясны”.