У Брэсце аштрафавана яшчэ каля 10 удзельнікаў маўклівай акцыі пратэсту 29 чэрвеня
У Брэсце 4 ліпеня былі пакараныя штрафамі яшчэ каля 10 чалавек, затрыманых падчас маўклівай акцыі пратэсту 29 чэрвеня. Па дадзеных праваабаронцы Рамана Кісляка, суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў іх вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве (ч. 1 арт. 23.34 КаАП).
"Два чалавекі прызналі сваю віну ў здзяйсненні дадзенага правапарушэння, - расказаў БелаПАН Кісляк. - Адзін з іх, на працэсе якога я прысутнічаў, аштрафаваны на пяць базавых велічынь. Астатнім, хто не прызнаў сваю віну, прызначаныя штрафы ад 10 да 12 базавых велічынь".
На думку праваабаронцы, у дачыненні да чалавека, які прызнаў сваю віну і выказаў гатоўнасць заплаціць штраф, было парушанае заканадаўства. "У дадзеным выпадку, калі санкцыя ч. 1 арт. 23.34 КаАП не прадугледжвае ніжняй мяжы штрафу і пры прызнанні віны і гатоўнасці аплаціць грашовае спагнанне, грамадзяніну па законе штраф устаноўлены ў памеры паловы базавай велічыні - 17,5 тыс. рублёў", - сказаў Кісляк.
Сёння, па яго інфармацыі, у судзе Ленінскага раёна Брэста працягнецца разгляд адміністрацыйных справаў затрыманых 29 чэрвеня. Усяго пачынаючы з 30 чэрвеня па ч. 1 арт. 23.34 КаАП суд аштрафаваў больш за 25 чалавек. Памеры штрафаў склалі ад 4 да 15 базавых велічынь.
Увечары 29 чэрвеня ў акцыі маўклівага пратэсту ў Брэсце прыняло ўдзел не менш як 600 чалавек. 75 удзельнікаў акцыі былі затрыманыя.