viasna on patreon

Сілавыя разгоны мірных сходаў грамадзянаў падраздзяленнямі МУС з’яўляецца грубейшым парушэннем правоў чалавека

2011 2011-07-04T08:53:31+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viasnalogo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява Праваабарончага цэнтру “Вясна”

Падчас правядзення мірных сходаў у г. Мінску і іншых гарадах Беларусі 22, 29 чэрвеня і 3 ліпеня 2011 г. прадстаўнікамі падраздзяленняў МУС у дачыненні да мірных грамадзянаў былі ўжытыя фізчыная сіла і спец. сродкі, адбываліся масавыя затрыманні як удзельнікаў мірных сходаў, так і выпадковых мінакоў.  У выніку сотні грамадзянаў былі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці, у тым ліку ў выглядзе адміністратыўных арыштаў, па сфальсіфікаваных абвінавачваннях у здзяйсненні дробнага хуліганства –нецэнзурнай лаянцы ў грамадскіх месцах. Праваабарончым цэнтрам “Вясна” фіксаваліся шматлікія факты незаконнага выкарыстання фізычнай сілы ў дачыненні да затрыманых грамадзянаў, факты супрацьдзеяння супрацоўнікамі МУС законнай дзейнасці журналістаў па асвятленні падзеяў, а таксама факты затрымання праваабаронцаў, якія ажыццяўлялі маніторынг азначаных падзеяў.

У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтр “Вясна” заўляе свой пратэст і адзначае наступнае:

Акцыя пратэсту, якія адбыліся ў Мінску і іншых гарадах Беларусі 22, 29 чэрвеня і 3 ліпеня насілі выключна мірны характар, ніякім чынам не парушалі грамадскі парадак, не прадстаўлялі пагрозу грамадскай і нацыянальнай бяспецы, правам і свабодам іншых асобаў.

Грамадзяне Беларусі маюць права мірна збірацца на вуліцах сваіх гарадоў для выказвання свайго меркавання, у тым ліку пратэсту супраць кіраўніцтва краіны.

Свабода мірных сходаў гарантавана грамадзянам Беларусі, як Канстытуцый краіны, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, арт. 21 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь, у прыватнасці.

Мірныя сходы знаходзяцца пад аховай міжнародных нормаў у галіне правоў чалавека, нават калі такія сходы несанкцыянаваныя органамі ўлады.

Затрыманні грамадзянаў па надуманых і непраўдзівых абвінавачваннях у дробным хуліганстве, а затым  іх асуджэнне судамі з’яўляецца нічым іншым, як адвольнымі і незаконнымі зарыманнямі і арыштамі.

Уся адказнасць за вышэйпералічаныя незаконныя дзеянні, скірваныя на парушэнне правоў чалавека, цалкам кладзецца на беларускія ўлады, кіраўніцтва і супрацоўнікаў МУС, суддзяў раённых і гарадскіх судоў, якія маюць непасрэднае дачыненне да адвольных затрыманняў і арыштаў удзельнікаў мірных сходаў.

Збіццё затрыманых грамадзянаў супрацоўнікамі МУС у спец. транспарце, нематыванае і непрапарцыйнае  ўжыванне гвалту падчас затрыманняў з’яўляецца нічым іншым, як катаваннямі. Варта нагадаць, што свабода ад катаванняў носіць абсалютны характар.

У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтр “Вясна” чарговы раз заклікае ўлады Беларусі:

Неадкладна вызваліць усіх затрыманых і арыштваных за ўдзел у мірных сходах грамадзянаў;

Выконваць узятыя на сабе міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, у тым ліку ў галіне свабоды мірных сходаў;

Забяспечыць грамадзянам краіны рэалізацыю свабоды мірных сходаў і неадкладна спыніць ганебную практыку затрыманняў і збіцця іх удзельнікаў;

Прывесці ў адпаведнасць міжнародным нормам заканадаўства аб парадку арганізацыі і правядзенні масавых мерапрыемстваў, у  прыватнасьці, замацаваных у кіруючых прынцыпаў АБСЭ па свабодзе мірных сходаў;

Правесці тэрміновае раследванне ўісх фактаў перавышэння службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі МУС, прыцягнуць вінаватых да устаноўленай законам адказнасці.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”

04.07.2011 г.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства