viasna on patreon

Прэцэдэнт: Дзяніс даказаў, што гуляў ля Кастрычніцкай без мацюкоў

2011 2011-07-01T13:44:59+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Затрыманы ля Кастрычніцкай плошчы за “хуліганства” хлопец здолеў даказаць у судзе, што ён матам не лаяўся. І хоча пакараць міліцыянтаў за незаконнае затрыманне.

Дзяніса Сучкова з сябрам міліцыянеры затрымалі ўначы 20 чэрвеня непадалёк ад Дома афіцэраў. Паводле слоў Андрэя Сучкова, брата затрыманага Дзяніса, хлопцаў не толькі забралі без усялякіх тлумачэнняў, але і невядома з якой прычыны надзелі на іх кайданы.


Андрэй Сучкоў: “Спыніўся “ГАЗік” міліцэйскі, запіхалі туды брата і яго сябра, надзелі кайданы і адвезлі ў РУУС. Так склалі пратаколы, прымушалі гэтыя пратаколы падпісаць, але яны адмовіліся. Яго яшчэ нечага адвялі на медыцынскі агляд — хоць ён не быў за рулём і неабходнасці ў гэтым не было. Ну, і абвінавацілі паводле артыкулу 17.1 — “хуліганства”. У пратаколе было напісана, што ён лаяўся матам. Супрацоўнікі міліцыі, якія пад’ехалі на аўтамабілі, зрабілі ім заўвагу, але яны не паслухаліся. І, маўляў, з гэтай нагоды іх прывезлі ў РУУС”.


Але паколькі ніякіх правапарушэнняў хлопцы не здзяйснялі, то вырашылі адстойваць свае правы ў судзе.


Андрэй Сучкоў: “Мы пракансультаваліся са сваімі знаёмымі — яны юрысты і праваабаронцы. Нам падказалі, на якія артыкулы спасылацца, мы склалі водгук на пратакол і дадалі яго ў якасці хадайніцтва да суда. На судзе ў якасці сведкаў выступалі жонка брата і сябра, з якім яго затрымалі, — да яго чамусьці міліцыянеры не мелі ніякіх прэтэнзій, а толькі да брата. А таксама склалі рэкамендацыйныя лісты ад нашых партнёраў па прадпрыемстве, якія з намі працуюць як юрыдычныя асобы. І падалі ўсе гэтыя дакументы на разгляд суда. Суд апытаў нашых сведкаў, выслухаў бок абвінавачання. І прыйшоў да высновы, што супрацоўнікі міліцыі здзейснілі супрацьпраўныя дзеянні”.


Больш за тое, згодна са словамі Андрэя, сам суддзя параіў Дзянісу звярнуцца ў пракуратуру.


Андрэй Сучкоў: “Сам суддзя парэкамендаваў, калі мы жадаем гэтую справу далей разглядаць, звярнуцца ў пракуратуру па факце незаконнага ўжывання і сілы і гэтак далей”.


Еўрарадыё: “Ці плануеце вы звяртацца ў пракуратуру?”


Андрэй Сучкоў: “Так, плануем. Проста копія рашэння суда будзе гатовая праз тыдзень. Мы чакаем гэтую копію судовага рашэння, каб у нас на руках былі дакументы”.


Гэты выпадак адрозніваецца ад затрыманняў падчас маўклівых акцый 22 і 29 чэрвеня толькі тым, што акцыя на той момант не праходзіла і затрымалі Дзяніса з сябрам супрацоўнікі ў форме, а не падазроныя людзі ў цывільным. Ва ўсім астатнім — падабенстваў вельмі шмат. Але ў абодвух выпадках юрыст Гары Паганяйла раіць не супраціўляцца падчас затрымання, а пачынаць адстойваць свае правы ўжо ў пастарунку.


Гары Паганяйла: “Лепш ціха-мірна падпарадкавацца, але ўжо падчас складання пратакола, калі так званаму правапарушальніку прапануюць даць тлумачэнні. І ў гэтай частцы пратакола ён павінен указаць, што быў затрыманы незаконна, што пратакол сфальсіфікаваны, што ён не лаяўся матам, разумна напісаць гэтае тлумачэнне”.


А пасля — усё тое ж самае паўтараць у судзе. Калі суд не прыслухаецца, то абскарджваць рашэнне суда ў вышэйстаячай інстанцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства