viasna on patreon

Рашэнне па касацыйнай скарзе “Народнай волі” агучаць 5 ліпеня

2011 2011-07-01T09:48:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

«Народная воля» абскарджвае рашэнне, вынесенае ў красавіку 2011 года Вышэйшым гаспадарачым судом на зыск да рэдакцыі з боку Белтэлерадыёкампаніі.

Нагодай для яго стала публікацыя Святланы Калінкінай «Говорит и показывает „Геббельс-ТВ“» ад 11 студзеня 2011 г., што з’явілася з нагоды выхаду на Першым канале БТ фільма «Плошча. Железом по стеклу».

«Апублікаваныя ў артыкуле звесткі носяць заганны характар, многія церміны і выразы (звесткі) з’яўляюцца яўна зневажальнымі як у дачыненні да дзяржавы, у якой жыве аўтар, так і да дзяржаўных органаў, у тым ліку зыскоўца», — гаварылася ў зыскавай заяве БТ, якую 16 сакавіка падпісаў асабіста старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька.

Акрамя самой назвы артыкулу, прэтэнзіі зыскоўца выклікалі наступныя вытрымкі з публікацыі:

1.«У фільме „Плошча. Железом по стеклу“ мы ўбачылі шчырае прызнанне ў тым, што Беларусь — краіна дэманстратыўнага беззаконня»,

2.«Але БТ не пасаромелася паказаць, што Канстытуцыя ў нашай краіне не абавязковая да выканання»,

3.«Але „прапагандысцкія шэдэўры“ ад „Гебельс-ТВ“ — гэта адзінае, што засталося ў арсенале чалавека, які да 19 снежня быў абсалютна перакананы, што любімы ўсёй краінай».

Свае пазіцыі перад Калегіяй агучылі галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч, шэф-рэдактар газеты і аўтар спрэчнага матэрыялу Святлана Калінкіна, а таксама абаронца газеты Гары Паганяйла.

На думку прадстаўнікоў «Народнай волі» прэтензіі Белтэлерадыёкампаніі тычацца свабоды меркавання, якая не можа быць абмежаваная.

Сваё экспертнае заключэнне на спрэчныя фразы, да якіх мае прэтензіі Белтэлерадыёкампанія, прадставіла філолаг Аксана Шчарбакова. Высновы эксперткі: выразы аўтара матэрыялу «Говорит и показывает „Геббельс-ТВ“» — не факты, але асабістае меркаванне.

Святлана Калінкіна звярнула ўвагу Касацыйнай калегіі на тое, што яе рашэнне можа стварыць прэцэдэнт, які прымусіць калумністаў адмовіцца ад выказвання ўласных меркавання.

Выступ прадстаўніка Белтэлерадыёкампаніі цягнуўся адну хвіліну. Яго галоўны аргумент — артыкул Калінкінай нанёс кампаніі непапраўны ўрон.

Рашэнне Касацыйнай калегіі Вышэйшага Гаспадарчага суда будзе агучана ў аўторак, 5 ліпеня, у 12.00.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства