viasna on patreon

Аператар БелаПАН падасць у пракуратуру на спецназаўцаў

2011 2011-07-01T11:28:03+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Тэлеаператар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Васіль Сямашка рыхтуе заяву ў пракуратуру і Упраўленне асабістай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў на дзеянні супрацоўнікаў палка міліцыі спецыяльнага прызначэння.

Ён будзе настойваць на ўзбуджэнні крымінальнай справы па артыкуле 198 Крымінальнага кодэкса Беларусі – наўмысная перашкода журналісту ў выкананні прафесійных абавязкаў.

Падчас выканання сваіх службовых абавязкаў – здымку маўклівай акцыі пратэсту ў Мінску – журналіст Васіль Сямашка быў збіты:

– Наўрад, ці нормай для спецназаўца з’яўляецца вылаўліванне малалетніх і запіхванне іх у аўтобус. Дык, вось, калі гэтыя так званыя спецназаўцы запіхвалі малалетніх у аўтобус, жырналісты гэта здымалі. Ім гэта напраўду недаспадобы, бо сваім жонкам, сяброўкам, дзецям і бацькам яны расказваюць зусім што іншае пра свае геройскія будні. Ім вельмі не падабаецца, калі журналісты здымаюць іхнія сапраўдныя будні – яны ўсякімі спосабамі перашкаджаюць журналістам гэта рабіць. Яны подла і неспадзявана стараюцца ўдарыць ззаду па нырках, збіць чалавека з ног, нібыта выпадкова ўдарыць у сонечнае спляценне, часамі хапаюць журналістаў і запіхаюць у гэтыя аўтобусы. Паскудзяць як толькі могуць.

Па словах Васіля Сямашкі, у аднаго так званага спецназаўца здалі нервы і ён ударыў журналіста кулаком у твар – утварылася гематома, пайшла кроў. Сямашка атрымаў лёгкую чэрапна-мазгавую траўму.

Падчас акцый маўклівага пратэсту ў Мінску і Брэсце былі затрыманы 13 журналістаў, трое былі збіты. Траўмы атрымалі і прадстаўнікі замежных СМІ, журналісты-жанчыны. Супрацоўнікамі міліцыі разбіта некалькі фота- і відэакамер.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства