viasna on patreon

У Магілёве звальняюць прафсаюзнага актывіста

2011 2011-06-28T13:52:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У Магілёве адміністрацыя вагонабудаўнічага заводу спыняе працоўныя адносіны з актывістам незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Валадаром Цурпанавым.

Афіцыйнае папярэджаньне аб спыненьні працоўных адносін Валадар Цурпанаў днямі атрымаў ад заводзкай адміністрацыі. Да сканчэньня кантракту, падпісанага летась на год, застаўся няпоўны месяц. Як сьцьвярджае актывіст, нараканьняў ад начальства на сваю працу зваршчыка ён ня меў, а вось прэтэнзіі да кіраўніцтва заводу ў яго былі, што і стала прычынай для непадаўжэньня кантракту.

"На сёньня сорак зваротаў зарэгістравана ў прыёмнай кіраўніка заводу, якія тычацца недахопаў у арганізацыі працы. Зразумела, што ім не падабаецца прысутнасьць на заводзе чалавека, які вымушае іх выконваць патрабаваньні працоўнага заканадаўства, тым больш што я гэта раблю публічна, паведамляю пра гэта калектыву", — кажа актывіст.

З чым зьвязана непадаўжэньне кантракту з Цурпанавым, у заводзкай адміністрацыі высьветліць не ўдалося.

"Ці можна даведацца аб прычынах звальненьня Валадара Цурпанава, ці ёсьць да яго прэтэнзіі па працы?" — пытаемся мы.

"Не, нельга. Калі ў вас ёсьць пэўная патрэба ў атрыманьні такой інфармацыі, зьвяртайцеся пісьмова на імя наймальніка. Мы такой інфармацыі не даём", — паведаміла супрацоўніца адміністрацыі вагонабудаўнічага заводу.

Адмаўляюцца называць прычыны непадаўжэньня кантракта і самому Цурпанаву. Каб даведацца іх, ён зьвярнуўся ў пракуратуру.

"Як грамадзяніну мне такое права забясьпечана, і зараз адміністрацыя павінна даць мне матываваны адказ. Пры наяўнасьці вакансій па маёй прафэсіі і адсутнасьці парушэньняў працоўнай дысцыпліны з майго боку са мной не працягваюць кантракт, пры гэтым на заводзе процьма прагульшчыкаў, у загадах паведамлялася пра п'яніц, якіх выдалялі ў нецьвярозым стане з заводу", — адзначае Цурпанаў.

Акрамя паляпшэньня ўмоў працы, Валадар Цурпанаў дамагаўся ад адміністрацыі зьмены сыстэмы налічэньня заробкаў, бо, паводле слоў актывіста, яна несправядлівая, непразрыстая і парушае правы працаўнікоў. Гэтае пытаньне стала падставай для звароту Цурпанава ў суд. Суд пастанавіў правесьці на заводзе бухгальтарскую праверку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства