viasna on patreon

У Мазыры быў затрыманы праваабаронца Уладзімір Целяпун (фота)

2011 2011-06-23T13:23:13+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mazyr-akcyja-15.0611.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Акцыя маўклівага пратэсту ў Мазыры 15 чэрвеня

Акцыя маўклівага пратэсту ў Мазыры 15 чэрвеня

22 чэрвеня акцыя “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі” адбылася і ў Мазыры. Колькасць удзельнікаў складана было падлічыць – частка з іх знаходзілася па другі бок вуліцы Савецкай, якая перасякае плошчу, асноўная частка - на плошчы ля помніка Леніну і частка - каля ракі Прыпяць, на бераг якой і выходзіць сама плошча.

На гэты раз значную частку ўдзельнікаў складалі міліцыянты і супрацоўнікі спецслужбаў. Вакол і на самой плошчы былі  службовыя машыны міліліцыі, аўтазак. Поўны камплект…

Учорашняя акцыя па колькасці ўдзельнікаў, хоць і не значна, але перавышала папярэднюю, 15 чэрвеня, - больш за 100 чалавек.

Затрыманні маладых людзей пачаліся ля помніка Леніну. У першую чаргу бралі тых, хто рабіў фотаздымкі, альбо фіксаваў на мабільнік. Затрымлівалі без тлумачэння прычынаў. Апошнім быў затрыманы праваабаронца ПЦ “Вясна” Уладзімір Целяпун, які прыйшоў на плошчу пасля атрымання інфармацыі, што там пачаўся хапун маладых людзей.

- Мяне астанавілі супрацоўнікі патрульна-паставой службы - старшына Корж Дзяніс Сяргеевіч і радавы Чыкаў Юрый Сяргеевіч - і папрасілі пачакаць, бо са мной жадаюць правесці гутарку. Прыехаў маёр Случыц Анатоль Адамавіч і запрасіў сесці ў міліцэйскую машыну для правядзення гутаркі, - распавядае Уладзімір Целяпун. - Потым пасадзілі яшчэ двух маіх знаёмых - 68-гадовага інваліда 2-й групы Рыгора Крывіцкага сябра аргкамітэта БХД Кавальчука, якія шлі на прыпынак аўтобуса і астанавіліся паглядзець на маё затрыманне.

Па словах праваабаронцы, яго са знаёмымі завезлі ў Мазырскі РАУС і там адвялі ў актавую залю, дзе знаходзіліся ўсе затрыманыя на плошчы.

- Усяго я налічыў 21-го чалавека. “Гутарку” з затрыманымі правозіў начальнік Мазырскага РАУС Зыкун Пятро Сямёнавіч і начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Гвоздзь Сяргей Аляксандравіч, – удакладніў У. Целяпун.

Міліцыянеры патлумачылі затрыманым, што паступіў сігнал аб наяўнасці выбуховага прыстасавання на плошчы і таму былі праведзены “прафілактычныя мерапрыемствы”.

- Пасля з’яўлення ў залі мяне, Гвоздзь хацеў перавесці гутарку на тое, што акцыю арганізаваў Целяпун. Але маладыя людзі ўголас абурыліся і сказалі, што мяне бачаць ўпершыню і не ведаюць, - распавядае праваабаронца.

У. Целяпун  запатрабаваў ад начальніка міліцыі не чыніць правакацыі, а выканаць патрабаванне закона “Аб органах унутраных справаў” – патлумачыць прысутным прычыну затрымання яго асабіста і астатніх, чаму не складаюцца пратаколы затрымання, на якой падставе ў затрыманых было праведзена выняцце асабістых рэчаў (барсетак, сумак, фотаапаратаў) без пратакола і панятых, выдаленне здымкаў з фотаапаратаў.

Затрыманых супрацоўнікі міліцыі сфатаграфавалі, перапісалі пашпартныя звесткі, правялі дактыласкапію.

 - Падчас “гутаркі” былі закранутыя эканамічныя пытанні ў краіне, у якіх начальнікі былі поўнымі прафанамі, і затрыманыя студэнты і прадпрымальнікі правялі з імі эканамічны лікбез. На пытанне аднаго з затрыманых аб шкодным уздзеянні на здароў’е фарбы пры правядзенні дактыласкапіі грамадзян начальнік Мазырскага РАЎС Зыкун адказаў: “Нажаль сканэра ў нас няма, але фарба вельмі карысная - сыходзяць барадаўкі, загойваюцца раны…” А чаму работнікі тыпаграфіі раней сыходзяць на пенсію і атрымліваюць за шкоднасць малако – маўчанне, - узгадвае праваабаронца.

Уладзіміра Целепуна адпусцілі амаль апошнім - без правядзення адміністрацыйных працэдураў, што здзівіла праваабаронцу.

Затрыманне У.Целепуна і Р. Крывіцкага 22.06.2011
У. Целяпун перапісвае прозвішчы затрымаўшых яго міліцыянтаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства