viasna on patreon

Сітуацыю ў Беларусі абмеркавалі ў камітэце ПАРЭ

2011 2011-06-22T15:49:09+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/missija-znak.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міжнародная назіральная місія Камітэта Міжнароднага Кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі

Міжнародная назіральная місія Камітэта Міжнароднага Кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі

20 чэрвеня ў Камітэце ПАРЭ па палітычных пытаньнях прайшоў «абмен думкамі" па сытуацыі ў Беларусі, у межах якога перад дэпутатамі выступілі старшыня Беларускага Хэльсынскага Камітэта Алег Гулак, сябра Каардынацыйнай рады міжнароднага Моладзевага Праваабарончага Руху Дзьмітры Макараў і ганаровы старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Беларусі Станіслаў Багданкевіч. Аналягічны абмен меркаваньнямі з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці праходзіў у час папярэдняй сэсіі ПАРЭ у красавіку гэтага года.

Па словах Алега Гулака, становішча з правамі чалавека ў краіне ў апошнія месяцы працягвае заставацца цяжкім: адбыліся палітычна матываваныя суды па справах аб падзеях 19 снежня, адбываецца ўзмацненьне ціску на адвакатаў (у прыватнасьці, прыняты загад Міністэрства юстыцыі аб іх абавязковай пазачарговай пераатэстацыі) і незалежныя СМІ (вынясеньне папярэджаньняў газэтам «Наша ніва» і «Народная воля", суд над журналістам Анджэем Пачобутам, абмежаваньне доступу да сайтаў шэрагу электронных СМІ), а таксама адбываецца пагаршэньне сытуацыі з сацыяльна-эканамічнымі правамі на тле цяперашняга крызісу. На яго думку, цяперашняя крызісная сытуацыя непазьбежна будзе падштурхоўваць кіраўніцтва краіны да зьменаў, і тут для міжнародных арганізацый, у тым ліку Рады Эўропы, узьнікаюць дадатковыя магчымасьці ўплыву на сытуацыю.

Станіслаў Багданкевіч у сваім выступе падкрэсліў неадэкватнасьць дзеяньняў улады ў бягучай сытуацыі, якая пошукам зьнешніх ворагаў на Захадзе і Усходзе падмяняе рэальныя спробы рашэньня насьпелых ўнутры краіны праблемаў. Пры гэтым шматлікія апазыцыйныя лідары знаходзяцца ў зняволеньні або пад сьледзтвам, альбо ім забаронены выезд з краіны. Ён таксама агучыў прынятыя аб'яднанай дэмакратычнай апазыцыяй умовы ўдзелу ў маючых адбыцца парляманцкіх выбарах 2012 году.

Дзьмітры Макараў спыніўся на праблеме з рэалізацыяй свабоды асацыяцый і абароны праваабаронцаў у краіне: аднаўляецца прымяненьне артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за ўдзел у дзейнасьці незарэгістраваных арганізацый (у прыватнасьці, вынесена папярэджаньне кіраўніку Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесю Бяляцкаму), пасля другога папярэджаньня Міністэрства юстыцыі пад пагрозай закрыцьця апынуўся Беларускі Хэльсынскі Камітэт. На гэтым фоне працягваюцца выправаджаньні і забароны на ўезд у краіну праваабарончых назіральнікаў з Украіны і Расеі. Прадстаўнік Камітэта міжнароднага кантролю таксама прэзэнтаваў дэпутатам папярэдні даклад Адмысловага дакладчыка Камітэта па падзеях 19 сьнежня.

У адказ Джані Букіккіа, старшыня Вэнэцыянскай камісіі за дэмакратыю праз права, асацыяваным сябрам якой зьяўляецца Беларусь, паведаміў, што камісія ў цяперашні час рыхтуе афіцыйныя думкі аб адпаведнасьці першага папярэджаньня, вынесенага ў адрас Беларускага Хэльсынскага Камітэта ў студзені 2011 года, і артыкула 193-1 КК РБ міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека.

На наступны дзень Камітэт таксама абраў новага дакладчыка ПАРЭ па сытуацыі ў Беларусі (замест спадарыні Сінікі Хурскайнэн з Фінляндыі, якая пакідае крэсла дэпутата), якім стаў спадар Андрэс Хэркель (Эстонія), раней які ўваходзіў у склад падкамітэта Асамблеі па Беларусі. Адразу пасля прыняцьця гэтага рашэння ўдзельнікі дэлегацыі змаглі сустрэцца са спадаром Хэркелем і абмеркаваць пэрспэктывы ўзаемадзеяньня.

21 чэрвеня таксама адбылася сустрэча з Гэнэральным сакратаром Торб’ернам Ягландам, які падтрымаў іх тэзу аб тым, што Рада Эўропы павінна граць больш актыўную ролю сярод іншых міжурадавых структураў у галіне прасоўваньня стандартаў правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права ў Беларусі.

Таксама для ўдзельнікаў візыту была арганізавана сэрыя сустрэч з афіцыйнымі дэлегацыямі дзяржаваў - удзельніц Рады Эўропы, прадстаўнікамі палітычных груп, якія аб'ядноўваюць дэпутатаў - сябраў Парляманцкай Асамблеі, Камісарам па правах чалавека Томасам Хаммарбергам і яго супрацоўнікамі.

22 чэрвеня, на заканчэнне візыту, таксама чакаюцца сустрэча дэлегацыі са старшынём ПАРЭ Меўлютам Чавушаглу і ўдзел у абмеркаваньні Канфэрэнцыяй міжнародных няўрадавых арганізацый Рады Эўропы праекта рэзалюцыі аб становішчы праваабарончых арганізацый у Беларусі.

«Цяпер, праз паўгады пасьля пачатку сыстэмнага крызісу з правамі чалавека ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні, мы нарэшце можам бачыць, што практычна ўсе органы і структуры Рады Эўропы зьвярнулі сваю ўвагу на гэтую сытуацыю і спрабуюць нейкім чынам рэагаваць на яе . Прычым гэтая цікавасьць праяўлена ў тым ліку на самым высокім узроўні. Застаецца спадзявацца, што ўсе гэтыя структуры змогуць скаардынаваць свае намаганьні і прапанаваць плян дзеяньняў, якія прывядуць да пазчтыўных пераменаў у краіне. Таксама мы спадзяемся, што Рада Эўропы ў цэлым будзе актыўна ўзаемадзейнічаць у гэтай галіне з іншымі міжурадавымі арганізацыямі, у тым ліку ААН, АБСЭ і Эўрапейскі Зьвяз, а таксама з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці», - сказаў Дзьмітры Макараў, прадстаўнік Камітэта міжнароднага кантролю.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства