Працягваецца праект па падрыхтоўцы за назіраннем на выбарах
Студэнты Еўрапейскага Гуманітарнага Універсітэта, залічаныя на бакалаўрскія і магістарскія праграмы і зацікаўленыя ў назіранні за выбарамі ў Беларусі, запрашаюцца да ўдзелу ў адборы на новы цыкл праекта па назіранні за выбарамі. Праект складаецца з тыднёвага інтэнсіўнага навучальнага курса ў Вільні, распрацаванага выбітнымі нарвежскімі палітолагамі, якія маюць досвед назірання ў шматлікіх міжнародных місіях. Акрамя курса ўдзельнікі таксама возьмуць удзел у міжнароднай місіі па назіранні за выбарамі ў адной з еўрапейскіх краін ў 2011 годзе, падчас якой яны атрымаюць практычны досвед у якасці акрэдытаваных кароткатэрміновых міжнародных назіральнікаў. Мэтанакіраваныя і актыўныя ўдзельнікі будуць запрошаныя прынамсі яшчэ на адну місію па назіранні.
Праект “Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка” супольна ажыццяўляецца арганізацыяй Belarus Watch, Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам (ЕГУ) і Беларускім Домам правоў чалавека ў выгнанні ў Вільні (ДПЧ). Акадэмічны курс падрыхтоўкі назіральнікаў уваходзіць у навучальную праграму ЕГУ і будзе пазначаны ў бакалаўрскім дыпломе як курс па выбары. Па паспяховым сканчэнні курса студэнты атрымаюць два акадэмічныя крэдыты, а таксама адмысловы сертыфікат Belarus Watch aб удзеле ў праекце.
Курс пройдзе ў верасні ці кастрычніку. Паколькі місія адбудзецца адразу пасля курса, дакладныя даты вы даведаецеся пасля таго, як будуць абраныя даты выбараў у краіне, дзе будзе праходзіць місія. Мы праінфармуем вас адразу, як толькі гэта будзе магчыма.
Патэнцыйныя кандыдаты павінны:
- быць студэнтамі ЕГУ, залічанымі на цяперашні момант на бакалаўрскія ці магістарскія праграмы (абавязкова);
- мець узрост ад 18 да 35 гадоў (абавязкова);
- запоўніць он-лайн заяву (абавязкова);
- прадставіць рэкамендацыю ад выкладчыка ЕГУ ці іншай аўтарытэтнай асобы. Калі ласка, звярніце ўвагу: рэкамендацыя мусіць быць дасланая асобна, непасрэдна на адрас праекта eotp@eotp.info асобай, якая Вас рэкамендуе (абавязкова);
- прадставіць афіцыйнае пацверджанне аб акадэмічнай паспяховасці (пажадана) – магчыма атрымаць у 103 каб.;
- прадэманстраваць моцную грамадскую пазіцыю, быць актыўнымі (абавязкова);
- мець магчымасць удзельнічаць у навучанні і непасрэдным назіранні на ўвесь перыяд (абавязкова);
- размаўляць па-англійску і разумець англійскую мову (пажадана).
Папярэдні досвед у назіранні за выбарамі, міжнароднымі ці мясцовымі, вітаецца, але не з’яўляецца абавязковым.
Заявы прымаюцца да 26 чэрвеня 2011 г. Заявы, дасланыя пасля 23:59 26 чэрвеня, разглядацца не будуць.
Он-лайн заяву можна запоўніць на сайце праекта http://eotp.info/application.
Усім кандыдатам будзе паведамлена аб выніках да 9 ліпеня 2011 г.
Абраныя кандыдаты будуць запрошаныя на сумоўе (па тэлефоне ці праз skype).
Крытэры адбору:
- Якасць матывацыі і вынікі сумоўя.
- Актыўная грамадская пазіцыя, цікаўнасць да назірання за выбарамі ў Беларусі.
- Акадэмічная паспяховасць.