viasna on patreon

“Прэмія Свабоды - рэха падзеяў 19-га снежня 2010 года”

2011 2011-06-14T13:30:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/abwroclaw.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі на “Вроцслаўскім Глабальным Форуме 2011”

Алесь Бяляцкі на “Вроцслаўскім Глабальным Форуме 2011”

Старшыня Праваабарончага Цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі так каментуе ўганараванне беларускіх няўрадавых арганізацый Прэміяй Свабоды, якую прысуджае Атлантычны савет ЗША. 10 чэрвеня падчас “Вроцслаўскага Глабальнага Форуму 2011” прэстыжную ўзнагароду атрымалі  Праваабарончы Цэнтра “Вясна”, Беларуская асацыяцыя журналістаў і “Свабодны тэатр”.   

- У канцы мінулага года ўвага міжнароднай супольнасці была прыцягнута да падзеяў у Беларусі. Брутальны разгон мірнай дэманстрацыі, расправа з кандыдатамі ў прэзідэнты, грамадскімі актывістамі - усё гэта, канешне, выклікала вялікае абурэнне. Таму яны вырашылі вось такім чынам падтрымаць тры беларускія арганізацыі, сярод якіх і “Вясна”, - кажа А.Бяляцкі. – Нам гэта прыемна, таму што такім чынам адзначаецца актыўная праца арганізацыі, якая вядзецца апошнія пяць месяцаў.

Гэта праца, па словах праваабаронцы, сапраўды была цяжкай: цэнтр займаўся арганізацыяй прававой дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій, зборам і распаўсюдам інфармацыі пра іх як у Беларусі, так і па-за яе межамі. За гэтую дзейнасць арганізацыя падвяргалася ціску з боку ўладаў. І ў цэнтральны і ў рэгіянальныя офісы “Вясны” наведваліся супрацоўнікі міліцыі і КДБ, праводзіліся ператрусы з канфіскацыяй аргтэхнікі. Мэтай гэтага непрыхаванага ціску было стрымаць праваабарончую актыўнасць.

Алесь Бяляцкі падкрэслівае, што Прэмія Свабоды адначасова з’яўляецца сігналам усяму беларускаму народу, грамадзянскай супольнасці краіны - аб тым, што міжнародная грамадскасць уважліва сочыць за падзеямі ў Беларусі і будзе дапамагаць легальнымі і даступнымі сродкамі:

- Калі падсумаваць мэсэджы замежных палітыкаў і грамадскіх дзеячоў, яны заяўляюць, што не збіраюцца мірыцца з тым, што адбываецца ў Беларусі, улічваючы, што правы чалавека маюць міжнародны статус, яны ўніверсальныя і Беларусь як незалежная дзяржава мусіць адказваць за выкананне тых міжнародных дакументаў, якія яна падпісала, і забяспечваць абарону правоў сваіх грамадзянаў.

Праваабаронца дадае, што дыскусія па Беларусі ў межах “Вроцслаўскага Глабальнага Форуму” таксама прыцягнула ўвагу шматлікіх замежных палітыкаў і экспертаў:

- На беларускай панэлі прысутнічала больш за пяцьдзесят асобаў, у тым ліку былі дэпутаты Еўрапарламента, беларускія і замежныя палітыкі. Мы абмяняліся новай інфармацыяй пра тое, што адбываецца ў Беларусі, паспрабавалі спрагназаваць падзеі, якія могуць наступіць у краіне праз паўгады-год падчас эканамічнага і палітычнага крызісу, якія на сёння супалі ў Беларусі.

Акрамя таго, па агульнай карціне з выкананнем правоў і свабодаў у постсавецкіх краінах, найперш ва Украіне, Малдове, Беларусі, выступіў палітык Станіслаў Шушкевіч. Такім чынам, “Вроцслаўскі Глабальны Форум” у значнай ступені быў прысвечаны сітуацыі ў Беларусі, што, па словах А.Бяляцкага, важна, паколькі такія глабальныя мерапрыемствы задаюць стратэгічны накірунак для дзейнасці як асобных краінаў, так і такіх утварэнняў, як Еўрасаюз.

 ____________________________

_______________________________________

Атлантычны Саюз - адзін з найбуйнейшых экспертна-аналітычных цэнтраў у Вашынгтоне, закліканы садзейнічаць развіццю адносін паміж ЗША і Еўропай. Арганізацыя ўзнікла ў 1961 г. у ЗША, аб'яднаўшы шэраг грамадзянскіх ініцыятываў, і займаецца пытаннямі міжнароднай палітыкі і бяспекі, еўрапейскай інтэграцыі.

Прэмія Свабоды ўручаецца з 2009 года. Сярод яе лаўрэатаў - дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан, кіраўнік МЗС Нямеччыны Гіда Вестэрвеле, экс-прэзідэнты Польшчы і Чэхіі Лех Валенса і Вацлаў Гавел, кіраўнік Еўрапарламента Ежы Бузэк, кубінская праваабарончая арганізацыя "Жанчыны ў белым".

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства