viasna on patreon

Раёнкі паўночнай Магілёўшчыны супакойваюць

2011 2011-06-09T10:48:35+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/udarny-front-kryzis.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У раённых газетах паўночных раёнаў Магілёўскай вобласці - Бялыніцкага, Круглянскага і Шклоўскага - пад рознымі загалоўкамі 8 чэрвеня з’явіліся матэрыялы з прэс-канферэнцыі старшыні Магілёўскага аблвыканкама Пятра Рудніка і праводзімай ім традыцыйнай тыднёвай планёркі. У артыкулах “Разам выправім становішча”, “Трагедыі няма. А цяжкасці пераадолеем”, “Неабходнасць кансалідацыі”, “Самадзейнасці” не дапускаюць!”, “Шляхам стабілізацыі” раённыя газеты “Зара над Друццю”, “Сельскае жыццё” і “Ударны фронт” распавядаюць пра тое, як шмат абласныя ўлады робяць для стабілізацыі становішча ў эканоміцы вобласці і на валютным рынку, дапамогі пенсіянерам і студэнтам, абяцаюць хуткае падвышэнне сярэдняй заработнай платы і тое, што за чорнай паласой абавязкова наступіць светлая.

Добра, што нарэшце раённыя газеты пераключылі сваю ўвагу з крытыкі дэмакратычнай супольнасці, незалежных выданняў і журналістаў (на гэты конт у раённых газетах поўначы Магілёўшчыны быў надрукаваны цэлы шэраг артыкулаў) і звярнулі ўвагу на тыя праблемы, якія хвалююць простых людзей. На жаль, нават самыя апантаныя прыхільнікі існуючай улады - састарэлыя вясковыя пенсіянеры - не вераць запэўніванням уладаў у хуткай стабілізацыі і паляпшэнні ўзроўню жыцця.

Гаворыць Станіслаў Іванавіч, 76-гадовы пенсіянер з аграгарадка Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна:

- Грошы, якія збіраў на пахаванне, амаль усе ляснулі, бо захоўваў іх у беларускіх рублях. Раней за іх можна было набыць усё неабходнае і зрабіць прыстойныя памінкі, а зараз хопіць на гарнітур і туфлі. А зноў не збяру, бо па гэтых коштах не ведаеш, як і выжыць. Падманула нас дзеючая ўлада, а зараз казкі расказвае, як далей усё будзе добра.

Іншая праблема хвалюе пажылога пенсіянера Анатоля з гэтага ж населенага пункта:

- У мяне пенсія 327 тысяч рублёў, зараз кажуць, што буду атрымліваць ўжо 400 тысяч з гэтага месяца. Але што я магу набыць за гэтыя грошы? Вопратку даношваю старую, новую не набываў ужо шмат гадоў. З прадуктаў харчавання купляю ў асноўным толькі хлеб і малако, вельмі перажываю, каб цэны на іх рэзка не падняліся, бо тады хоць кладзіся і памірай. Раней хоць калі-нікалі мог сабе кількі купіць дазволіць, а дзе ж ты яе зараз купіш па цяперашніх коштах…

Жанчына сталага ўзросту, якой далёка за восемдзесят гадоў, Таццяна, запэўніванням раённай газеты аб хуткай стабілізацыі не верыць і спадзяецца толькі на сябе асабіста і ўласны агарод:

- Цэны выраслі страшэнна, за пенсію нічога не купіш, але ж лекі ўсё роўна купляць трэба. Пасадзіла вось гарод, бульбу. У ім днямі корпаюся, можа што вырасце, дык неяк выжыву. Раней трымала і жывёлу, а зараз сілы ўжо няма. Цяжка вельмі стала жыць, але ж жывой у труну не ляжаш.

Нягледзячы на ўсе запэўніванні ўлады і дзяржаўнай прэсы аб сацыяльнай накіраванасці беларускай дзяржавы, выжываць у “сацыяльнаарыентаванай” краіне яе састарэлым грамадзянам атрымліваецца ўсё цяжэй…

“Праваабарончая хроніка”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства