viasna on patreon

Кропкі экстрэмума. Мінск і акраец Сусвету

2011 2011-06-07T15:05:49+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/china1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кадр з фільма \

Кадр з фільма \

У матэматыцы кропкі экстрэмума імкнуцца да бясконцасці. У Менску прайшоўшы кінафэст выклікаў імкненне да бясконцых развагаў. Досвед журналіста сведчыць, што самі развагі на прадстаўленыя дакументальна гарачыя тэмы сучаснасці не маюць канца і краю. Больш за тое, звычайна менавіта яны нараджаюць новыя творы – таго самага жанру альбо іншага. У любым выпадку гэта працяг тэмы і яе развіццё.     

У Мінску прайшоў міні-фэст дакументальнага кіно, арганізаваны Міжнароднай асацыяцыяй “Белфільм” пры ўдзеле расейскага дакументальнага парталу Frontlineсlub.ru . Гасцямі фестывалю сталі прадстаўнікі маскоўскай журналісцкай супольнасці – кінадакументаліст Валерый Балаян, вядомая журналістка Вольга Раманава і каардынатар праекта Frontline у Расіі Юрый Бурцаў.

Прывезеныя імі фільмы з першага ж погляду заварожваюць, адлюстроўваючы нетыповыя і хвалюючыя падзеі. Напрыклад, стужка рэжысэра Рычарда Пэры “Крывавы след” распавядае пра жыццё ваеннага фатографа Роберта Кінга, які 15 гадоў здымаў вайну.  “Вольны розум” Рэкса Блумштэйна прымушае нас вандраваць па многіх краінах свету і знаёміць з мноствам герояў, людзей неардынарных, але абсалютна непадобных адзін да другога. Усіх гэтых людзей яднае аднолькавая няўтульнасць, з якой яны – з самых розных прычынаў -- пачуваюцца ў навакольным грамадстве. “Нестыхійнае бедства ў Кітаі: слёзы правінцыі Сычуань” Джона Алперта і Мэцью О’Ніла – фільм пра бацькоў, чые дзеці загінулі ад землятрусу, і іх спробах дамагчыся праўды ад уладаў… Усяго было прадстаўлена восем кінастужак. Застаецца дадаць, што многія аўтары  фільмаў з калекцыі  Frontline – тытулаваныя, уганараваныя прэстыжнымі  міжнароднымі прэміямі і вядомыя ў свеце творцы.          

Кінапаказы, якія два дні ішлі ў невялікай залі ў цэнтры сталіцы, не сталі аншлагавымі, ды і не маглі такімі быць паводле вызначэння – хутчэй іх можна назваць у нейкім сэнсе элітарнымі. З пункту гледжання тэматыкі і аўтарства, гэтыя фільмы найбольш цікавыя для людзей неабыякавых і творчых. Аднак на масавасць імпрэзы не магла не паўплываць і сама заля – правесьці фэст у адным з кінатэатраў сталіцы, што выглядала б цалкам лагічна, не ўдалося, нягледзячы на перамовы з адпаведнымі дзяржаўнымі ўстановамі.

У любым разе гэта кіно – не для ўсіх. Сучасны сярэдні глядач любіць глядзець і смяяцца ці хаця б радавацца хэпі-энду.  Калі гумар нават сярод праблем па ходу сюжэта прысутнічае, усё роўна бальшыня гледачоў не будзе вельмі задаволена, каля ў канцы адчуе замест клічніка ці кропкі – вялікі пытальнік, спараджэнне развагаў, альбо такое ж вялікае шматкроп’е…

Не выпадкова некаторыя гледачы, гледзячы кіно пра Кітай, Грузію, Гватэмалу альбо Іспанію, міжволі адчувалі сябе на месцы герояў дакументальных стужак, знаходзячы паралелі з Беларуссю. Хоць ні падзеі, ні агульныя сітуацыі ў нашых краінах не падобныя, чалавечыя сэрцы прадстаўнікоў розных народаў перажываюць пачуцці аднолькава, а людзі працягваюць здзіўляюць сваёй здольнасцю адчуваць боль, радасць, шчасце, ганьбу, гонар, шчасце альбо спакой сабе падобнага.

Праглядаючы гэтыя фільмы, цяжка адарвацца,  лёгка куды-небудзь спазніцца, няма часу пагутарыць з выпадкова сустрэтымі ў залі старымі знаёмымі… але ёсць мноства магчымасцяў з асаблівай вастрынёй адчуць, што мы, як і нашы суседзі па Сусвеце, едзем у адным цягніку і плывем у адной лодцы. А значыць, яе курс залежыць у канчатковым выніку ад кожнага з нас.         

Таццяна Снітко.

 

БЛІЦ_ІНТЭРВІЮ І КАМЕНТАРЫ

Алег Дашкевіч, кіраўнік Міжнароднай асацыяцыі “Белфільм”:

-- Мэтай паказу была папулярызацыя цікавага замежнага дакументальнага кіно. Вельмі цікавага. Вы самі бачылі, што тут прадстаўленыя намінанты і ўладальнікі такіх прэмій, як “Эмі”, “Оскар”, “Тэфі” і так далей. У праграму ўвайшлі актуальныя фільмы, якія здымаліся фактычна класікамі сучаснымі гэтага жанру з розных краінаў. З абсалютна розных: Амерыка, Эўропа, Расія...

-- Бачна, што здымкі вяліся ў тым ліку і па стыхійных бедствах, у сацыяльна небяспечных абставінах, на вайне... Што гэта за людзі, якія здымалі гэтыя сюжэты, фільмы, сама ідэя якіх, магчыма, нараджалася ў часе перабываня ў небяспечных краінах?

-- Калі я ведаю толькі, што рэжысэр – Джон Алперт, мне гэтага дастаткова. Пра іншых рэжысэраў і людзей, што прымалі ўдзел у фільмах, думаю, лепш распавядзе Юрый Бурцаў, які ўжо не адзін год працуе ў гэтай галіне (я маю на ўвазе дакументальнае кіно). Адна з нашых мэтаў – стварэнне клубаў аматараў дакументальнага жанра. Таму што зараз гэты жанр альбо абсалютна не прадстаўлены нідзе, альбо выглядае ў якасці гэткага агітпропу – і з аднаго боку, і з другога боку. І гэта аб’ектыўна скарачае і памяншае важнасць гэтага жанру ў дачыненні да гледача, бо гледачу можна плакат паказаць адзін раз, і нават калі ён вельмі эмацыйны, на другі раз эмоцыі тыя самыя, ты ўжо не перажывеш. А гэтае кіно прымушае ўлезьці ўнутр, углыб, задумацца над праблемай, не проста зірнуць і сказаць: “Як жахліва”, а асэнсаваць гэтую праблему і, можа быць, для сябе хаця б зразумець, як яе вырашаць і што рабіць.

-- Ці важна для нашага гледача глядзець, думаць, разважаць над праблемамі такіх жа людзей у іншых краінах?

-- Ну, па-першае, думаць увогуле важна. І думаць не толькі над праблемамі людзей у іншых краінах, а над праблемамі людзей у сваёй краіне, сваіх блізкіх, пра свае проблемы думаць. І аналізаваць. Таму што праблемы ў людзей у прынцыпе аднолькавыя ў розных кутках зямной кулі. Хоць яны і выглядаюць зусім па-рознаму. І прыватнаму чалавеку трэба над гэтым задумвацца і вырашаць менавіта для сябе як для прыватнага чалавека: як пераадольваць гэтыя праблемы. І калі чалавек зразумее нешта важнае, я думаю, што жыць яму стане не тое што прасцей – спакайней.

Юрый Бурцаў, кіраўнік расійскага праекта frontline.ru:

Гэты кінапаказ можна назваць унікальным для Мінска. Чаму і з якой мэтай вы вырашылі яго правесці?

-- Мы першы раз у Мінску. Прыехалі па запрашэнні, не было б гэтага запрашэння, то, напэўна, не прыехалі б. Таму што павінна быць узаемная цікавасць. Вы ведаеце, бессэнсоўна сеяць па бетоне. Паказваць кіно можна там, дзе ёсць нейкая рэакцыя, калі чалавек пачынае эмацыйна суперажываць. Гэта як па Льву Мікалаевічу Талстому, які казаў, што мастацтва – гэта тое, што выклікае ў чалавеку эмацыйнае суперажыванне, спачуванне, эмацыйны фон. Калі ты пачынаеш перажываць і адчуваць – значыць, ты сутыкнуўся з сапраўдным творам мастацтва. Для нас важна было, каб мы прыехалі туды, дзе людзі будуць суперажываць.

-- А чаму ў праграме няма фільмаў, блізкіх да Беларусі?

-- Напэўна, адказаць на гэтае пытанне можна наступным пытаннем. Няма фільмаў пра Беларусь, таму што першапачаткова мы хацелі б атрымаць вялікую пляцоўку для паказу. І я ведаю, што Алег (Дашкевіч - Т.С.) вёў перамовы і з чыноўнікамі міністэрства культуры Беларусі, і з Саюзам кінематаграфістаў, каб нам на добрай, нармальнай пляцоўцы гэта зрабіць. Што звычайна ў Расіі мы і робім. Мы паказваем ў кінацэнтрах, кінатэатрах, ва ўніверсітэтах, на вялікіх пляцоўках, для вялікай аўдыторыі, і заўсёды шматлюдна на гэтых мерапрыемствах.

Вы ведаеце, гэта ж не абавязковая да выканання праграма: некуды ты прыязджаеш абавязкова кіно паказаць. Свет жа вельмі цесны. Вось мы сёння ў фільмах, якія знятыя ў далёкіх ад нас дзяржавах і краінах, знаходзім абсалютна аналагічныя нашым адчуванні, ужо ўзнікаюць нейкія рэчы ... Гэта ж закранае струны нашай душы, тое, што мы з вамі толькі што бачылі, так? Закранае. Я думаю, што для таго, каб казаць пра такія рэчы, як чалавечая годнасць, свабода асобы, неабавязкова здымаць фільмы пра Беларусь. Добра, вядома, але не абавязкова…

-- Скажыце, а хто гэтыя людзі, якія здымаюць у такіх небяспечных месцах? Вайна, стыхійныя бедствы…Забароны да здымак могуць быць, розныя хітрыкі, каб усё-ткі зняць ... Хто ж яны, аўтары?

-- Гэта людзі, якія выконваюць сваю місію, з майго пункту гледжання. Мне б хацелася так думаць, так спадзявацца. Таму што, вядома ж, сярод іх ёсць і людзі, якія ў той ці іншай меры са ступенню цынізму ставяцца да выканання падобнага роду працы, і для некаторых гэта адчуванне драйву неабходнае, адрэналін у кроў, неабходны для таго, каб сябе нейкім чынам адчуваць у жыцці інакш. А для кагосьці гэта спосаб заробку такі экстрэмальны. І самасцвярджэння. Але яшчэ раз кажу: я хачу спадзявацца, што ў тых, з кім мы працуем, гэта выкананне сваёй місіі.


 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства