У Горадні забаранілі публічную акцыю інвалідаў
Сёньня - Міжнародны дзень абароны правоў інвалідаў. У Беларусі, аднак, ня будзе афіцыйных мерапрыемстваў, а некаторыя грамадзкія ініцыятывы ўвогуле патрапілі пад забарону.
У Горадні сёлета створаная мясцовая суполка Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў. У Міжнародны дзень абароны правоў інвалідаў плянавалася правесьці першую вулічную акцыю. Але, як паведаміў Радыё Свабода заяўнік Антон Сьвёкла, Гарадзенскі гарвыканкам забараніў мерапрыемства: "Чыста па фармальных абставінах адмовілі. Я быў у спадара Антоненкі - мэра гораду. Правесьці якое-небудзь мерапрыемства, збор у памяшканьнях, дзе жывуць калясачнікі, немагчыма. Зьвярталіся дзеля таго, каб людзей гэтых пабачылі на вуліцы. У Гародні ня ведаюць, што ёсьць інваліды-калясачнікі".
Са словаў Антона Сьвёклы, у абласным цэнтры не выконваецца дзяржаўная праграма "Навакольле без бар'ераў", паводле якой вакзалы, крамы, аптэкі і іншыя ўстановы павінны быць абсталяваныя нахільнымі дарожкамі для ўезду інвалідаў на сваіх вазках. Так званых пандусаў ў Горадні ня мае нават будынак цэнтру сацыяльных паслугаў.
Сёньня дзяржаўныя органы ня маюць інфармацыі ні пра колькасьць інвалідаў-калясачнікаў, ні пра іхняе працаўладкаваньне, ні аб працягласьці жыцьця. Са слоў старшыні Беларускай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў Сяргея Драздоўскага, арганізаваныя пакуль 700 чалавек: "Многія з іх сёньня прымуць удзел у акцыі салідарнасьці ў Менску на плошчы Бангалор. Мы вылучаем самыя праблемныя пытаньні: атрыманьне й прыстасаваньне жыльля для інвалідаў-калясачнікаў, забесьпячэньне мэдычнага і санаторна-курортнага лекаваньня. І вельмі востра стаяць пытаньні працаўладкаваньня. А ўвогуле, дзе не крані - усе напрамкі нашага жыцьця зьвязаныя зь вялікімі праблемамі, і на сёньня яны не вырашаюцца. Таму інваліды-калясачнікі, як самая сацыяльна неабароненая частка грамадзтва, мусяць заявіць пра грамадзянскую пазыцыю".
Старшыня Беларускай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў Сяргей Драздоўскі паведаміў Радыё Свабода, што акцыя на плошчы Бангалор адбудзецца сёньня ад 11 да 15-й гадзіны. Паводле ўліку Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у Беларусі цяпер амаль паўмільёна інвалідаў. Экспэрты называюць гэта вынікам нізкага ўзроўню аховы працы, малаэфэктыўнай сыстэмы аховы здароўя, а таксама беднасьці і дрэннай экалогіі.