У Сьветлагорску ў КДБ выклікалі Сьвятлану Міхальчанку, мясцовую актывістку дэмакратычнага руху
Там жанчыне паведамілі пра тое, што яе "могуць завэрбаваць замежныя спэцслужбы".Сустрэча з супрацоўнікам КДБ, які назваўся Аляксеем Аляксандравічам Шарынавым, адбылася ў кабінеце № 2 міжраённага аддзяленьня КДБ.
"У час сустрэчы А.Шарынаў заявіў, што да іх паступіла ананімнае пісьмо аб тым, што я маю радыкальныя погляды і быццам бы атрымліваю нейкія грошы з-за мяжы. Ён сказаў таксама, то са мною нібыта могуць зьвязацца прадстаўнікі замежных спэцслужбаў, каб завэрбаваць мяне. Па словах КДБіста, яго задача - папярэдзіць мяне аб магчымай вэрбоўцы," - распавяла С. Міхальчанка прэс-службе Асамблеі НДА.
С.Міхальчанка падчас выбараў была кіраўніцай раённага штабу кандыдата ў прэзыдэнты А.Мілінкевіча. У сакавіку яе аштрафавалі за тое, што пры раздачы агітацыйных матэрыялаў на вуліцы пляншэт з партрэтам дэмакратычнага кандыдата стаяў "у непрызначаным месцы". Па словах Сьвятланы, выклік у КДБ ніяк не паўплываў на яе імкненьне браць удзел у дэмакратычным руху.