Мітрапаліт Кандрусевіч да ўладаў і грамадства: Спыніце праявы нецярпімасці

2011 2011-05-31T14:37:17+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Зварот Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча адносна сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў Беларусі.

На сайце Catholic.by з’явіўся зварот мітрапаліта Мінскага і Магілёўскага. Ён піша:

«У апошнія часы складаная сацыяльна-палітычная сітуацыя ў Беларусі яшчэ пагоршала ў сувязі з інфляцыяй, што выклікала вялікую занепакоенасць людзей і вядзе да рознага роду спекуляцый і выкарыстання чужой бяды дзеля нажывы. Акрамя таго, праявы нецярпімасці і шматлікія ўзаемныя абвінавачванні негатыўна ўплываюць на агульную атмасферу ў краіне.

Напэўна, ёсць шмат прычын таго, што здарылася. І на гэтае пытанне трэба шукаць адказу, каб выйсці з крызісу і ў будучыні не паўтараць падобных памылак», — піша іерарх Касцёлу.

Ён піша, што «дапамогай у пошуку вырашэння праблем нашага грамадства могуць служыць вельмі блізкія адно да аднаго сацыяльнае вучэнне Каталіцкага Касцёла і сацыяльная канцэпцыя Праваслаўнай Царквы» і спасылаецца на айцоў царквы.

Ён прыгадвае таксама, што папа Ян Павел II навучаў: «Сапраўднае развіццё не павінна абмяжоўвацца толькі памнажэннем дабротаў і паслугаў, гэта значыць таго, чым можна валодаць. Сапраўднае развіццё павінна спрыяць паўнаце чалавечага быцця».

Ён нагадвае: «Сацыяльнае вучэнне Касцёла прапаноўвае чатыры каштоўнасці, якія павінны ўвайсці ў нашае жыццё і стаць яго фундаментам: праўду, свабоду, справядлівасць і любоў». «Касцёл адказвае на галоўныя пытанні аб сэнсе і мэце чалавечага жыцця абвяшчэннем Евангелля, якое ставіць годнасць чалавечай асобы вышэй за зменлівыя меркаванні і матэрыяльныя выгоды і адначасова забяспечвае свабоду чалавека, — піша мітрапаліт і нагадвае, што царква павінна падтрымліваць маральнасць у палітыцы. — Хаця прамым абавязкам Касцёла не з’яўляецца заснаванне справядлівых структур, бо гэта належыць да свету палітыкі, тым не менш, заданнем Касцёла з’яўляецца ачышчэнне розуму і прабуджэнне ў чалавеку маральных сілаў, без якіх існуючыя структуры не могуць эфектыўна дзейнічаць».

«Занепакоены існуючай сітуацыяй, звяртаюся да дзяржаўных уладаў, свету палітыкі, эканомікі, навукі, культуры, грамадскіх арганізацый, усіх людзей добрай волі, каб пры вырашэнні нялёгкіх сучасных праблем кіраваліся ўзаемнай любоўю і пашанай як грамадзяне адной краіны», -.піша арцыбіскуп.

Дарэчы, сёння мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адзначае 30-годдзе святарства.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства