Семінар па турмах -- за кратамі. Масавыя затрыманні праваабаронцаў у Мінску (абноўлена)
Сямёра правабаронцаў і экспертаў былі затрыманыя сёння на Управе БНФ, дзе меркавалася правесці семінар па праблемах турмаў і рэфармаванню МУС. Для ўдзелу ў ім у Мінск прыехала шмат замежных экспертаў. Але зараз праблемы месцаў зняволення яны вымушаны пачаць вувычаць на ўласным вопыце.
Старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак, удзельнікі семінара Людміла Ісакава, Аляксандр Сасноў (Беларусь), Вольга Саламатава (Расія), Ала Благая, Вадзім Півавараў, Алег Мартыненка (Украіна) дастаўлены ў Савецкае РУУС г. Мінска. У дзяжурнай частцы па тэлефоне гэта адмаўляюць, але удзельнікі семінара знаходзяцца менавіта ў гэтым райаддзеле.
Як толькі інфармацыя пра затрыманне правабаронцаў была апублікавана, Алег Гулак быў з пастарунка выпушчаны на волю.
Двое з затрыманых грамадзянаў Украіны самі працуюць ва ўкраінскім МУС.
Пасля 14.30 усіх затрыманых адпусцілі. Ім зачыталі папярэджанне аб недапушчэнні парушэння заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб... масавых мерапрыемствах.