viasna on patreon

У былых асуджанных сур’ёзныя праблемы з адаптацыяй да жыцця на волі

2011 2011-05-27T10:40:53+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/turma1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Беларуская турма

Беларуская турма

У Бялыніцкім раёне Магілёўскай вобласці пражываюць 62 нідзе непрацуючыя раней судзімыя асобы. Усе яны маюць патрэбу ў рэсацыялізацыі. Пры гэтым, згодна дадзеных афіцыйнай статыстыкі, у Бялыніцкім раёне на ўліку знаходзіцца ўсяго 76 беспрацоўных, з якіх толькі 40 чалавек атрымлівае дапамогу па беспрацоўю. Абсалютна незразумела, каму патрэбна такая “паказуха”, калі афіцыйны ўзровень беспрацоўя складае 0,9 %, фактычна ж сотні людзей не могуць знайсці сабе працу ў родным раёне.

Нельга сказаць, што ўлады Бялыніцкага раёна нічога не робяць для рэсацыялізацыі былых асуджаных. Да кожнага прадпрыемства даведзена квота працоўных месцаў, якія зарэзерваваныя для прадастаўлення былым асуджаным і абавязаным асобам, пастаянна назіраюць за сваімі былымі паддапечнымі супрацоўнікі міліцыі, значную дапамогу аказваюць святары праваслаўнай царквы. Праблема ў тым, што шмат у каго з былых зняволеных абрываюцца ранейшыя сацыяльныя сувязі, разбураюцца адносіны з роднымі і блізкімі, чалавек пасля вызвалення адчувае сябе нікому не патрэбным.

Распавядае былы асуджаны Мікалай, які пражывае ў гарадскім пасёлку Бялынічы:

-          Калі я выйшаў на волю тры гады таму, мне было вельмі цяжка ўліцца ў нармальнае жыццё. Доўгі час не мог знайсці працу, бо хто ж хоча браць на працу былога асуджанага, калі шмат нармальных людзей знайсці работу не могуць. Пачаў прыкладвацца да чаркі і не ведаю, чым бы гэта ўсё скончылася. Дзякуй Богу, дапамаглі ўзяць сябе ў рукі маці і сястра. Пачаў ездзіць на працу ў Расію, пасля знайшоў у Бялынічах. Пазнаёміўся з добрай жанчынай, стварыў сям’ю і зараз у маім жыцці ўсё нармальна.

Аднак зусім не так добра праходзіць сацыяльная адаптацыя ў іншых былых асуджаных жыхароў Бялыніцкага раёна. Інакш бы не стала магчымай проста жахлівая статыстыка, прыведзеная ў матэрыяле пракурора Бялыніцкага раёна Міхаіла Андросенкі, змешчаным у раённай газеце “Зара над Друццю”: кожныя 6 з 7 злачынстваў у 2010 годзе ў Бялыніцкім раёне ўчынены грамадзянамі, якія раней паспелі пабываць у месцах пазбаўлення волі. Усяго ж за мінулы 2010 год у раёне здзейснена 312 злачынстваў. Пракурор падкрэслівае, што “вельмі важна, каб раней асуджаныя былі своечасова працаўладкаваныя, прыцягваліся да грамадска карыснай працы. Пакуль жа працы па сацыяльнай адаптацыі гэтай катэгорыі грамадзян праводзіцца недастаткова. РАУС, сельвыканкамы, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва павінны не толькі весці сістэмны ўлік асуджанных, але і накіроўваць хадайніцтвы аб іх працаўладкаванні”.

Вельмі слушная думка, толькі абсалютна незразумела, што ж перашкаджала ажыццяўляць яе ў жыццё ўсе мінулыя гады…

Не сакрэт, што ў былых асуджаных пры вызваленні, як правіла, узнікаюць вялікія праблемы з адаптацыяй да жыцця на волі. Згодна статыстыкі, пакаранне ў выглядзе пазбаўлення і абмежавання волі ў Бялыніцкім раёне застаецца дамінуючым. У 2010 годзе ў месцы пазбаўлення волі з раёна былі накіраваныя 43 асуджанныя і 35 – арыштаваны. Адтэрміноўка выканання пакарання не прымянялася ніводнага разу, умоўнае пазбаўленне волі – толькі ў 13 выпадках. Да выпраўленчых работ прыцягвалася 36 асоб, да грамадскіх – 13 грамадзян, абмяжоўваліся ў волі – 25, атрымалі пакаранне ў выглядзе штрафа – 46 чалавек.

Вялікае пытанне, ці патрэбна выдаткоўваць вялікі дзяржаўныя грошы на ўтрыманне многіх асуджаных ў калоніях, калі можна было ажыццявіць іншыя меры пакарання, не звязаныя з пазбаўленнем волі? Асабліва гэтае пытанне актуальнае для грамадзян, якія ўпершыню ўчынілі злачынства. Як вядома, і як казалася вышэй, турма нічому добраму не вучыць.

“Праваабарончая хроніка”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства