Праверкі ў школах Глыбоччыны: ад ведання гімна Беларусі да асабістай маёмасці настаўнікаў
“Сёння наш класны кіраўнік паведаміў, што ў школу прыедзе прэзідэнцкая праверка. Трэба быць у афіцыйным стылі адзення, а таксама вывучыць гімн Беларусі і нашых галоўных палітычных асобаў”, -- распавядае вучань. А ў настаўнікаў правяралі нават сумкі і нататнікі.
Праверкі ў школах Віцебскай вобласці праводзяцца пасля выбуху ў мінскім метро: спачатку праверылі СШ №35, дзе вучыліся двое хлопцаў, абвінавачаных ва ўчыненні тэракту, а потым камісіі паехалі па ўсім рэгіёне.
Віцебская СШ №35 атрымала шэраг заўваг па няякасным правядзенні ідэалагічнай і выхаваўчай працы. Таму вучняў вобласці адмыслова рыхтуюць да такіх праверак.
“Сёння наш класны кіраўнік паведаміў, што ў школу прыедзе прэзідэнцкая праверка. Трэба быць у афіцыйным стылі адзення, а таксама вывучыць гімн Беларусі і нашых галоўных палітычных асобаў (Макей, Румас, Мясніковіч, Андрэйчанка і інш). Вядома ж, папярэдзілі, што калі зададуць пытанне накшталт “Ці хочаце вы, напрыклад, у Амерыку?" трэба адказаць "канструктыўна", а калі насамрэч хочаш, то лепш прамаўчаць. Альбо сказаць завуалявана : “Ну, калі пасля вучобы мяне адправяць у тую краіну здабываць вопыт …” і так далей”, -- піша на рэгіянальным незалежным сайце www.westki.info вучань адной з глыбоцкіх школ.
А вось што распавядаюць бацькі вучняў з вёскі Дзеркаўшчына Глыбоцкага раёну:
“Спачатку школьнікаў выгналі ў двор на ўроку фізкультуры, каб тэрмінова рабіць “альпійскую горку”. А потым, калі камісія ўжо прыехала, дык правяралі сталы настаўніц, і нават іх сумкі ды нататнікі. Няўжо шукалі там бомбу? А яшчэ што абурыла: дзеці нашы носяць у школе зменны абутак, а пакінуць яго няма дзе – дык раней пакідалі проста ў класе, каб не цягаць з сабой. А цяпер адміністрыцыя заявіла, што ў качагарцы ўсё спаляць, бо няможна трымаць у школе ніякія пакеты – раптам дзеці схаваюць туды выбухоўку!”
Настаўнікі розных школ абменьваюцца досведам – што ў якой школе шукалі, ці знайшлі, і якія цяпер будуць наступствы.
“Гэта такое прыніжэнне, што не перадаць словамі! Якая можа быць павага да нас з боку вучняў, калі яны бачаць, што нейкія “правяральшчыкі” рыюцца ў нашых асабістых рэчах, у сталах, у шафах з кнігамі ды сшыткамі! Нібыта мы свядома гадуем злачынцаў і “падрыўнікоў” – так нас правяраюць, такі да нас недавер,” – кажа настаўніца з Глыбоччыны.
“Праваабарончая хроніка”