Міліцыя спыніла пратэсты кіроўцаў супраць цэнаў на бэнзін
З-за прэвэнтыўнага
затрыманьня арганізатара акцыі "Стоп-бэнзін" Арцёма Шаркова, які быў
дастаўлены на гутарку ў апорны пункт Фрунзенскага РУУС, акцыя супраць чарговага
падвышэньня коштаў на паліва адбылася ня ў поўным фармаце.
Удзельнікі сабраліся а 19-й гадзіне на паркоўцы супэрмаркету Prostore у менскім
мікрараёне Чыжоўка на вуліцы Ўбарэвіча. Яны плянавалі скіравацца да мясцовай
аўтазалівачнай станцыі, дзе зьбіраліся наладзіць пэрформанс – запраўляцца
малымі дозамі і разьлічвацца дробнымі купюрамі. Аднак акцыя адбылася на
паркоўцы супэрмаркету Prostore.
Уся тэрыторыя паркоўкі каля гіпэрмаркету загадзя была ачэпленая супрацоўнікамі
ДАІ і міліцыяй у цывільным. Кіраваў начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі ГУУС
Менгарвыканкаму Ігар Яўсееў, які прысутнічае на кожнай акцыі апазыцыі. Ён даў
зразумець, што не дапусьціць парушэньня заканадаўства.
Яўсееў забараніў усялякія здымкі журналістам.
У выніку на некалькіх чалавек былі складзеныя пратаколы за тое, што яны нібыта
не былі прышпіленыя рамянямі бясьпекі, а таксама за налепкі: "Я супраць
падвышэньня коштаў на паліва!" – маўляў, тэхнічная характарыстыка
аўтамабіля не прадугледжвае гэткія налепкі на аўтамабілях. Дваіх удзельнікаў
акцыі забралі на гутарку ў аддзяленьне міліцыі.
Арцёма Шаркова выпусьцілі зь міліцыі каля 21 гадзіны.
Традыцыйная акцыя "Стоп-бэнзін" ладзіцца на знак нязгоды з рэзкім ростам кошту паліва, які павялічваецца, на думку арганізатараў, неадэкватна заробкам беларусаў. Ад сёньняшняга дня адпускныя кошты на паліва павялічыліся ў сярэднім на 20%. Сёлета гэта ўжо чацьвёртае падвышэньне цаны на бэнзін і дызэльнае паліва. Апошні раз "Белнафтахім" павялічыў цэны 31 сакавіка ў сярэднім на 10%.