Пётр Кузняцоў абскарджвае адміністрацыйнае спагнанне ў Вярхоўным судзе
Лідар Гомельскай абласной арганізацыі Руху «За свабоду» Пётр Кузняцоў сёння накіраваў скаргу ў Вярхоўны суд у сувязі з адміністрацыйным штрафам, вынесеным за распаўсюд улётак. Нагадаем, што ў студзені 2011 года актывіст з паплечнікамі быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ на аўтадарозе «Гомель-Рэчыца». У выніку дагляду аўтамабіля міліцыя сканфіскавала каля пяці тысяч улётак, прысвечаных падзеям на Плошчы. Суд Рэчыцкага раёна прызнаў Пятра Кузняцова вінаватым у нібыта незаконным распаўсюдзе перыядычных друкаваных выданняў без выходных дадзеных і пакараў штрафам у памеры 700 тыс. рублёў.
Па словах лідара гомельскіх «рухаўцаў», судовае рашэнне ён лічыць неправамерным, таму што, па-першае, улёткі не з'яўляюцца перыядычным выданнем, па-другое, інфармацыйныя матэрыялы мелі выходныя дадзеныя, і па-трэцяе, перавозка не можа лічыцца распаўсюдам. Гомельскі абласны суд, куды скардзіўся актывіст, пакінуў у сіле рашэнне Рэчыцкага раённага суда. Вярхоўны суд, куды ўжо звяртаўся Пётр Кузняцоў, пераслаў скаргу зноў жа ў абласны суд. «Гэта апошняя скарга ў Вярхоўны суд, а потым я звярнуся ў Камітэт па правах чалавека ААН, таму што мае правы і свабоды былі груба парушаны, у тым ліку і на справядлівы незалежны суд», - дадаў актывіст.
“Праваабарончая хроніка”