Міколу Дземідзенку кепска, але яго не пускаюць у шпіталь
Мікола Дземідзенка быў затрыманы ў суботу, 14 траўня, і праз 2 дні асуджаны на 15 сутак арышту за "несанкцыянаваныя мерапрыемствы", якія ён не праводзіў. У знак пратэсту супраць незаконнага прысуду юнак абвесціў галадоўку ў камеры ізалятара на Акрэсціна. 20 траўня Міколу наведаў ягоны адвакат, які паведаміў яго сябрам, што хлопца не пускаюць на лячэнне ў шпіталь, нягледзячы на тое, што ў яго моцна пагоршыўся стан здароўя.
Між тым на тэрміновай шпіталізацыі настойваюць дактары "Хуткай". У Міколы Дземідзенкі моцна ўпаў узровень цукра ў крыві і падняўся крывяны ціск. Ён працягвае трымаць галадоўку. Ягонае жыццё фактычна ў небяспецы.
Але адміністрацыя установы на Акрэсціна спасылаецца на невядомыя юрыстам інструкцыі і пастановы, якія лячэнне Дземідзенку ў дадзены момант забараняюць.
Выйсці на свабоду пасля арышту Мікола павінен толькі 29 траўня. За гэтыя 9 дзён, на думку медыкаў, стан яго здароўя можа яшчэ больш пагоршыцца. Такім чынам, адміністрацыя ізалятара часовага ўтрымання бярэ на сябе адказнасць за ўсё, што можа здарыцца з гэтым чалавекам.