Магілёўскі журналіст за харчаванне ў ІЧУ павінен заплаціць цалкам
Падставай для гэтага стала тое, што падчас свайго знаходжання ў магілёўскім ізалятары часовага ўтрымання журналіст БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч не напісаў адпаведную заяву на імя начальніка ізалятара, дзе б указаў, што адмаўляецца ўжываць ежу ў сувязі з рэлігійным пастом.
У пісьмовым адказе начальніка ізалятара часовага ўтрымання УУС Магілёўскага аблвыканкама спадара Паўлава таксама адзначаецца, што заява аб нежаданні прымаць ежу падчас яе раздачы не з’яўляецца падставай для выключэння Уладзіміра з ліку асобаў, на якіх яна замаўляецца загадзя.
Спадар Паўлаў у лісце таксама адзначае, што ежа для затрыманых, якія знаходзяцца ў ізалятары, паступае з арганізацыі грамадскага харчавання па дамове, тры разы ў дзень па колькасці асобаў, якія там ўтрымліваюцца.
Уладзімір Лапцэвіч адзначае, што зараз ён разбіраецца з юрыдычным бокам атрыманага адказу і ў бліжэйшы час пры дапамозе праваабаронцаў збіраецца яго абскарджваць.
Нагадаем, што адбываючы сямісуткавы адміністрацыйны арышт за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі на Дзень Волі ў ізалятары часовага ўтрымання, Уладзімір Лапцэвіч адмаўляўся прымаць ежу, аб чым ён кожны раз пазначаў у журнале выдачы ежы. Харчаваўся ён толькі двойчы, калі паводле пасту можна было есці вараную ежу. Па выхадзе на волю адміністрацыя ізалятара выставіла яму рахунак за харчаванне ў поўным аб’ёме за ўсе дні яго знаходжання. З коштам за харчаванне Уладзімір не пагадзіўся і накіраваў скаргу на імя начальніка ізалятара.
“Прааабарончая хроніка”