Аршанцы абараняюць кляштар базылянаў
Група жыхароў Оршы распачала кампанію па збору подпісаў пад зваротам да кіраўніцтва горада. Іх непакоіць разбурэнне помніку архітэктуры канца 18-га стагоддзя - кляштара базылянаў. Гэта адзін з нямногіх гістарычных аб’ектаў, якім пашчасціла перажыць войны і шчыраванне вандалаў. Але цяпер на ім праваліўся дах, з кожным годам яго стан імкліва пагаршаецца.
6 год таму Аршанская адміністрацыя перадала помнік, які
працягваў разбурацца, Віцебскай епархіі Беларускай Праваслаўнай царквы. У
цяперашні час Праваслаўная царква не можа ці не хоча ратаваць помнік нібыта
з-за адсутнасці сродкаў, а гарадская пракуратура, нягледзячы на звароты
грамадзян, не звяртае ўвагі на парушэнне Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове
гісторыка-культурнай спадчыны». Аўтары ліста просяць кіраўніцтва горада самым
уважлівым чынам разгледзець іх зварот і прыняць усе неабходныя захады для
выратавання жылога корпуса кляштара базылян як неад'емнага і каштоўнага
элемента гістарычнай і культурнай спадчыны Оршы.
Збор подпісаў вядзецца даволі актыўна.
“Праваабарончая хроніка”