Жыхары Віцебшчыны не задаволеныя працай міліцыі
Больш за месяц на мясцовым незалежным сайце “Народныя Навіны Віцебска” праводзіцца апытанне, як ацэньваюць наведнікі сайту працу віцебскай міліцыі. З прапанаваных пяці варыянтаў адказу 53% прагаласаваўшых абралі “дрэнна” і “вельмі дрэнна”.
Галасаванне працягваецца: выказаць сваё меркаванне і пазнаёміцца з меркаваннямі іншых можна на галоўнай старонцы сайту http://news.vitebsk.cc
Паводле дадзеных на 13 траўня, толькі 10% адсоткаў удзельнікаў галасавання (109 галасоў) лічаць, што віцебская міліцыя працуе “выдатна”; 13% наведнікаў (131 голас) згодныя з адзнакай “добра”; 24% прагаласаваўшых (249 галасоў) назвалі дзейнасць супрацоўнікаў міліцыі здавальняючай – калі разглядаць вынікі паводле 5-бальнай сістэмы, то гэта “тройка”, і не больш.
Адпаведна 25% і 28% удзельнікаў галасавання перакананыя, што віцебская міліцыя працуе “дрэнна” і “вельмі дрэнна”.
Цікава, што вынікі галасавання на незалежным сайце не вельмі адрозніваюцца ад вынікаў галасавання на афіцыйным сайце МУС Віцебскага аблвыканкаму. Праўда, там галоўнае пытанне сфармулявана крыху інакш: “Што вы будзеце рабіць, калі на вашых вачах або ў дачыненні да вас будзе здзейснена правапарушэнне?”
Толькі 45,9% прагаласаваўшых перакананыя, што трэба адразу звяртацца ў міліцыю. 33,2% адказалі, што спадзяюцца толькі на ўласныя сілы, калі давядзеца бараніць сябе або кагось іншага; 11,3 % яшчэ вагаюцца -- не ведаюць, як лепш зрабіць; і 9,7% шчыра прызналіся, што ў выпадку праблем будуць звяртацца да блізкіх, сваякоў ці знаёмых, а не да ахоўнікаў правапарадку і законнасці.
“Праваабарончая хроніка”