Праваабарончая праграма“Людзьмі звацца!” на Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 15:05 ў эфіры незалежнай радыёстанцыі “Радыё Рацыя” - праграма “Людзьмі звацца!”, якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі. Праграма складаецца з рубрык “Хроніка пераследу”, "Падзея тыдня", “Асоба. Дзяржава. Грамадства” і “Рэха Плошчы”.
У гэтым выпуску:
Грамадскага актывіста з Глыбокага Яраслава Берніковіча мясцовыя ўлады пакаралі штрафам у 700 тысяч рублёў - за дазволены імі ж (!) пікет. Пра гэта ды іншыя гучныя факты парушэння правоў чалавека на мінулым тыдні - у “Хроніцы пераследу”.
Прадстаўнікі Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта Міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі ў чарговы раз патрапілі пад пераслед уладаў. У выніку – яшчэ пяцёра праваабаронцаў, якія з'яўляюцца грамадзянамі Расійскай Федэрацыі, былі выправаджаныя з Беларусі цягам 24 гадзінаў. Падрабязней пра гэта - у рубрыцы “Падзея тыдня”.
Госць рубрыкі “Чалавек. Дзяржава. Грамадства” - кіраўніца Міжнароднага сакратарыяту Міжнароднага праваабарончага руху (МПР) і сукаардынатар праграмы “Абарона грамадзянскай супольнасці ў краінах Новых Незалежных Дзяржаў (ННД)” Вікторыя Громава. У інтэрв’ю яна распавядае, што паўплывала на яе рашэнне прысвяціць сябе праваабарончай дзейнасці і аб чым найбольш будзе шкадаваць, страціўшы магчымасць прыязджаць у Беларусь.
Увесь мінулы тыдзень беларуская Феміда працавала, не пакладаючы рук. У Кастрычніцкім судзе Менска завяршыўся суд над актыўнымі ўдзельнікамі Плошчы-2010 Уладзімірам Хамічэнкам, Дзмітрыем Драздом, Алесем Кіркевічам, Андрэем Пратасеням і Паўлам Вінаградавым. Падрабязнасці - у рубрыцы “Рэха Плошчы”.
У музычных паўзах – кампазіцыі легендарнага беларускага гурта “Мроя”.
Слухаць выпуск: