viasna on patreon

Гомельскі суд падтрымаў забарону мітынгаў і пікетаў у горадзе

2011 2011-05-10T12:47:15+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud6.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» планавалі 25 сакавіка правесці пікет салідарнасці з палітзняволенымі. Але гарвыканкам не дазволіў праводзіць масавае мерапрыемства, спаслаўшыся, як заўсёды, на сваё ж рашэнне аб тым, што папярэдне трэба падпісаць дамовы з камунальнымі службамі, міліцыяй і «хуткай дапамогай», а таксама праводзіць мітынгі і пікеты можна толькі на адной пляцоўцы ў горадзе – каля ДК «Віпра» таварыства глухіх. Актывісты кампаніі не пагадзіліся з адмовай і абскардзілі яе ў судзе.

У сваёй скарзе актывісты — Кастусь Жукоўскі і Андрэй Толчын звярнулі ўвагу, што адмовай у правядзенні пікета гарвыканкам парушыў іх правы, прадугледжаныя артыкуламі 23,33 і 35 Канстытуцыі, артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. «Мірныя сходы грамадзян з'яўляюцца адной з асноваў дэмакратыі, а абарона свабоды сходаў неабходна для стварэння талерантнага грамадства, у якім могуць існаваць групы з рознымі перакананнямі, нормамі паводзінаў ці прынцыпамі. Рашэнні гарвыканкама - «Аб масавых мерапрыемствах» і «Аб адмове ў правядзенні пікетаў 25 сакавіка 2011 года» абмяжоўваюць мае правы на свабоду выказвання свайго меркавання і правядзення масавых мерапрыемстваў па сэнсу артыкулаў 23,33 і 35 Канстытуцыі, а таксама артыкулаў 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах», - напісаў у скарзе Кастусь Жукоўскі.

Ён прасіў суд прызнаць рашэнне гарвыканкама «Аб масавых мерапрыемствах» неканстытуцыйным, а рашэнне аб адмове ў пікеце – неправамоцным.

Рашэнне суда Цэнтральнага раёна Гомеля, прынятае 4 мая, было лаканічным: «Суд лічыць скаргу неабгрунтаванай, яна не падлягае задавальненню». Рашэнне можа быць абскарджана ў вышэйстаячай інстанцыі.

Прававы канфлікт прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў з гомельскімі ўладамі цягнецца не першы год. Апазіцыянеры лічаць, што рашэнне гарвыканкама, згодна якому трэба плаціць немалыя грошы міліцыі, хуткай і камунальнікам за паслугі падчас правядзення мітынгу, не адпавядае Канстытуцыі. Бо грамадзяне Беларусі, якія плацяць падаткі, утрымліваюць за свае сродкі міліцыю і хуткую дапамогу. А калі грамадзяне хочуць публічна выказаць сваё меркаванне, то ім трэба дадаткова за гэта заплаціць. Улады ж цвёрда стаяць на сваёй пазіцыі, і з 2004 года не дазваляюць праводзіць у горадзе мітынгі і пікеты. Між тым, сябрам партыі левых «Справядлівы свет» гарвыканкам дазволіў правесці мітынг 1 мая, каб выказаць салідарнасць з працоўнымі. Але праз некалькі дзён адмяніў сваё ж рашэнне.

 

“Праваабарончая хроніка”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства