Радзькоў — ”Народнай Волі”: Дамаўляйцеся з міністрам інфармацыі
Сёння ў Мінску, у НВЦ «Белэкспа» распачала працу выстава «СМІ ў Беларусі». І распачалася яна з флэш-мобу, які зладзілі супрацоўнікі газет “Народная Воля” і “Наша Ніва”, а таксама сябры БАЖ.
Падчас прамовы міністра інфармацыі Праляскоўскага журналісты наўмысна сталі чытаць газеты “Народная Воля” і “Наша Ніва”, над якімі павісла пагроза закрыцця.
Адчувалася, што чыноўнікам, а на адкрыцці выставы прысутнічаў і намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандар Радзькоў, было няёмка.
Намеснік галоўнага рэдактара “Народнай Волі” Марына Коктыш адрасавала міністру Праляскоўскаму пытанне: “Вам не сорамна за сваю працу?”
Міністр, пачырванеўшы, адказаў: “Вам жа не сорамна за сваю, вось і мне не сорамна за сваю”.
Адчувалася, што Радзькоў увогуле не валодае сітуацыяй, якая склалася вакол газет “Народная Воля” і “Наша Ніва.
— Выконвайце заканадаўства — і вы будзеце працаваць, — заявіў ён.
На заўвагу аб тым, што папярэджанне, якое вынесена “Народнай Волі”, носіць надуманы характар, Радзькоў адказаў: дамаўляйцеся з міністрам інфармацыі.
Флэш-моб прайшоў без затрыманняў хаця і выклікаў зацікаўленасць з боку супрацоўнікаў спецслужбаў, якія прысутнічалі на адкрыцці выставы.