viasna on patreon

Зміцер Дашкевіч развітаўся з памерлай маці

2011 2011-04-29T10:15:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Кіраўнік Маладога фронту Зміцер Дашкевіч, асуджаны на два гады пазбаўлення волі, 28 красавіка развітаўся са сваёй памерлай маці ў моргу Слуцка. Ён быў прывезены туды пад канвоем са следчага ізалятара.

Разам з Дашкевічам да яго маці дазволілі падысці толькі самым блізкім. Паехаць на могілкі яму не дазволілі. Сярод іх была намесніца старшыні Маладога фронту Наста Палажанка:

– Так, развіталіся, усё працягвалася 30 хвілінаў. Пусцілі Змітра і самых блізкіх. Там было літаральна чалавек пяць-шэсць, астатнія людзі чакалі і не ўвайшлі. Зміцер трымаўся неяк, але, канешне, цяжка ўсё гэта. На пахаванне яму не дазволілі паехаць – я не ведаю чаму. На Валадарскага яны мне сказалі, што на пахаванне яму нельга будзе ехаць. Важны быў сам факт развітання і на гэта яны дазволілі. Дашкевіча везлі тры машыны – у першай ДАІ, у ругой ён сам, і яшчэ мікрааўтобус з людзьмі ў навушніках. Усе яны ачапілі морг і нікога не пускалі акрамя тых, хто ўжо ўвайшоў.

Па словах Насты Палажанкі, Малады фронт зоймецца апекай над 72-гадовым бацькам Дашкевіча, які страціў жонку і сын якога ў турме.

Журналістка па прафесіі Вольга Дашкевіч памерла на 54 годзе жыцця – яе пахавалі ў Старых Дарогах, дзе яна і жыла.

* * *

Старшыні Маладога фронту Змітру Дашкевічу, які асуджаны на два гады пазбаўлення волі, дазволена развітацца з маці, якая памерла ў ноч на 26 красавіка. Але суправаджаць яго будзе канвой.

Па словах намесніцы старшыні Маладога фронту Насты Палажанкі, каб дамагчыся права развітацца з самым блізкім чалавекам, прыйшлося зрабіць вялікую працу, але ўсё вырашылася амаль у апошні момант:

- Змітра адпусцілі на момант развітання з маці, усяго думаю нейкая гадзінка. Едзе ён канвоем, у асобнай машыне, пад наглядам і з аховай. Для гэтага нам трэба было ездзіць у Старыя Дарогі, у Слуцк, пасля трэба было ўсе гэтыя дакументы везці ў Маскоўскі суд, дзе я празмаўляла з намеснікам старшыні суду, а сёння я размаўляла з начальнікам турмы, і мы ўдакладнялі ўсе моманты, як яно мусіць быць. Кіраўніцтва СІЗА шукала яму канвой і яны вызначаюць фарматы, як мае выглядаць развітанне Змітра з матуляй.

Наста Палажанка і яшчэ некалькі прадстаўнікоў Маладога фронту таксама накіраваліся ў Старыя Дарогі, дзе адбудзецца развітанне з Вольгай Дашкевіч і яе пахаванне. Ёй было 54 гады, яна хварэла, нават не прысутнічала на судзе над сынам. У ноч на 26 красавіка ў яе раптоўна спынілася сэрца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства